пальцамі Цімохаў сяньнічок. Нейкая думка вельмі засмучала яго, гнула і не давала спакою, але вымавіць яе ён не адважваўся.
— Ведаеш, Цімох… Чоран сёньня біўся з Завозерскага Лысым.
— Ну?! — жахнуўся Цімох і падняўся на локцях.
— Зьбіў Чорана!… — апаўшым голасам сказаў Юзік.
— Завозерскага Лысы… зьбіў Чорана… — марматаў Цімох.
Аж у вачох пацямнела ў беднага Цімоха, і хата з вокнамі закружылася.
Самае цяжкае і няпрыемнае было вымаўлена; Юзік пачаў гаварыць крыху вальней.
— Але ведаеш, Цімошка: Завозерскага Антось і Схопаў Андрэй памагалі Лысаму; каб не памагалі, то Чоран зьмясіў-бы яго ў два заходы. І так Чоран два разы карк заламаў яму. Ніколі ня зьбіў-бы яго Лысы!
— І яны білі яго пугамі?! — спытаў Цімох, бліснуўшы вачыма.
— Вядома, білі!
Цімох колькі хвілін ня мог вымавіць слова. Ён чуў, што калі пачне гаварыць, то заплача ад крыўды, злосьці і жалю. Але ў момант вока ў яго галаве злажыўся нейкі плян, і Цімох досыць спакойна прамовіў:
— Ты-ж гані заўтра зноў туды: і я там буду.
Доўга ня мог заснуць Цімох у гэты вечар. Ён усё думаў пра свайго каханка Чорана, як ён, бедны, біўся з Лысым. Так і стаяў у яго ваччу гэты малюнак бойкі. Вось ідзе Чоран, грозна ўхмыліўшы свой крэпкі карк. Насустрэч яму наступае і Лысы, таксама