Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Салавейка ня мог стрымацца і засьпяваў:

Ціха, ціха, час трывогі,
Вее смутак на палёх.
Зьнікнуў месячык двурогі,
Плача рэчачка ў кустох.
Анямелі ўсе стварэньні,
Пагражае зноў зіма.
Падсякае ўсім карэньні
Гэта сіверкая цьма!
Ты-ж, вясенька, квет ружовы,
Ты красёнцы свае тчы!
Звонкай песьняй на лад новы
Над палямі загучы!
Зноў адзенься ў шоўк зялёны,
Косы макамі ўбяры;
На дубы ускінь кароны,
Усьміхніся нам з гары!

Салавейка сьпяваў доўга. Ён укладаў усю любасьць, увесь жар свайго сэрца ў гэту песьню. І ўсе слухалі яго песьню. Паводле таго, як лілася гэта песьня, усё вакол пачынала разьвяселівацца. Халодная здань зімы расплывалася, траціла свае формы і зьнікала. Злосныя хмары сіверу спадалі наніз. Ярчэй весялей замігацелі зоркі. Маладая вясна ўсьміхнулася так радасна і так прыветна, што ўсюды пасьвятлела. На ўсходзе заіграла залатая чырвань, і вясна ясным косамі цалавала арэхавы куст і свайго праўдзівага песьняра.

І калі, бывала, першы раз чулася салавейкіна песьня, то людзі казалі:

„Засьпяваў салавей, цяпер ужо ня вернуцца халады“.