Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я заўважыў, як патускнеў твар вясны, я чую нейкае патыханьне холаду. А залатыя кудзеркі красуньні-вясны паблытаны злачыннымі вятрамі, што вярнуліся ад поўначы.

— Ах, і праўда: я чую, як-бы нейкі цяжар кладзецца на мае плечы.

— І жабы перасталі крахтаць, — азваўся арэхавы куст.

— Ох, ці не вярнулася зіма! — жалабна прамовіла груша-самасейка: — мой белы, чысты цьвет, мая краса, мая гордасьць пачынае зябнуць. Ох, што-ж гэта будзе!

— Паскачаце дразда — вось што будзе! прамовіў панура стары млын.

І праўда: пагода мянялася. Пазалочаны сярпок-маладзік пад гэты агульны шумок зьнік дзесь за горкаю. Матылі-зоркі ня так былі яркі. То тая, то другая сьпяшалася схавацца ў хмарку.

Сьпярша чуць заметны, халодны вецер сьмялей і мацней набягаў з-за лясоў, што стаялі на поўнач адгэтуль.

Салавейка сядзеў зусім невясёлы. Ён меў вельмі чулае і добрае сэрца. Яму было шкада вясны, шкада ручайка і гэтых гутарлівых жабак, што так нядаўна сьпявалі і радаваліся, а цяпер змоўклі. Салавейка азірнуўся наўкол. Унізе раўчавіны сьвятлелася белая паласа сьнегу. Ён ляжаў далёка ў цяньку, і сонейка яшчэ не магло дабрацца да яго. З сівера падымалася высока белая кабеціна і сярдзіта пагражала вясьне сваімі ледзянымі рукамі. А вясна як-бы адступала перад ёю, і твар яе засмучаўся болей і болей.