Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ручаёк зачаў сваю песеньку:

„Шайлду-балду, булі-гулі!
Алешнічкі ўсе паснулі.
І снуюцца ўдзень стракозы.
Крыльцы іх з шаўкоў сатканы
І брыльлянтамі убраны.
Беражок мой аксамітны;
Я вясёлы і разьбітны,
Я бліскучым паясочкам
Лёг над жоўценькім пясочкам;
Галасок мой, бы ў дзяўчынкі;
Я гуртую тут расьлінкі,
Травы, грушка-самасейка.
Са мной дружыць салавейка.
Я з-пад горкі выплываю
І цябе, вясна, вітаю.“

— Ну, як вы знаходзіце маю песьню? — спытаў ручаёк салавейку.

— Ах, што вы так невясёлы? Вы, мусі быць, утаміліся з дарогі?

— Мілы ручаёк, — адказаў салавейка, — я заўсёды люблю тваё песьні. У іх столькі жывасьці, сьвежасьці тонаў і ўсё новых мэлёдый, што я проста заслухваюся. Але вось што я мушу зазначыць табе. Мы ўсе так захоплены сваімі радасьцямі, што нават і пра вясну забыліся. Выказваць свае радасьці, разумеецца ня ёсьць загана, але ўсё-ж такі трэба і меру знаць, каб часам і плакаць ня прышлося, як казаў той стары млын.

— Што васпан хоча сказаць? — спытаў ручаёк.

— А справа, дружа, вось якая. Я заўважваю нейкі смутак на твары нашае вясны. Я сяджу высока на арэхавым кусьце, і кругагляд мой больш шырокі.

— Што такое? што такое? — затрывожыўся ручаёк.