Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спакутаваную зямлю з яе стварэньнем, будзіла і выклікала яго да новага жыцьця.

— Вось і дачакаліся вясны, — казала зялёная жаба, высунуўшы з вады нос.

— Ах, як тут прыемна! — заўважыла другая жаба.

— Дайце хоць сьвежым паветрам дыхну, аклікнулася трэцяя.

— Эй, запявайла, пачынай песьню!

— Песьню, песьню! — хорам закрахталі жабы.

Запраўскі запявайла прымасьціўся на леташняй лотаці, вырачыў вочы, надзьмуў свае дуды-мяшкі й зачаў:

„Эй, выходзьце жабы-сёстры,
Пазбылі мы холад востры!“

— А ў яго слаўны голас, — кінула маладая жаба свайму кавалеру.

— Не перашкаджай, вашэці, слухаць песьню! — заўважыла ёй суседка, увесь час ня спускаючы вачоў з запявайлы. А запявайла, у сваю чаргу, зірнуўшы на яе, вёў далей:

„Ну, крахчэце ўсе за мною,
Вольна стала жыць вясною.“

Жабы закрахталі такім дружным хорам, што ўзбудзілі ўсё азярко й патрывожылі сон старога млына.

— Глядзеце, каб толькі ня прышлося яшчэ вам плакаць, — буркнуў сабе пад нос стары млын.

Пасьля хору зноў выступаў запявайла:

„Але бусел доўганосы
Сюды прэцца на ачосы;
Чапля — шыя выгінаста —
Прыляціць да нас — і баста!