ня нашы гэта балоты блішчаць унь там, між лесу?
— Нашы, нашы! — радасна адклікаліся жураўлі.
— Так, так! гэта нашы абшары, — пацьвярджалі качкі, з шумам нясучыся ад аднаго возера да другога.
Дзесь над возерам, каля старога млына, дзе аднатонна шумела вада, наводзячы нейкі спакой і сон, чуліся мілагучныя, крыху засмучоныя галасы кнігавак:
Кі-і — гік! Кі-і — гік!
Што яны хацелі гэтым сказаць, ніхто добра ня ведаў, апрача старога млына.
Адным словам, усе былі вясёлы.
А хто ў гэту ночку спаў, таму сьніліся вельмі прыемныя сны. Нават і ў цёмных сялянскіх хатах была весялей. І калі, бывала, сярод ночы абуджаўся хто-небудзь з малых дзетак і сваё абуджаньне вызначаў плачам, то ім звычайна казала іх мама.
— Сьпі, мой сынок! — Або
— Сьпі, мая дачушка! Заўтра будзе цёпла, вясна будзе; пойдзем з табою крапіўку рваць на сьняданьне.
Дзеці адразу супакойваліся, бо яны бачылі перад сабою мілую вясеньку.
Яны зараз-жа сьцішваліся, латвей укладваліся на сваіх пасьцельках із думкамі аб вясьне засыпалі салодкім сном.
А гэта красуля-вясна, параскідаўшы сваю пышную кудзельку-кудры — лёгкія сьветлыя хмаркі, — прыветна ўсьміхаючыся тысячамі зорак, спакойна і паважна, як каралеўна, ішла ад поўдзеню і захаду, патыхаючы цёплымі, ціхімі ветрыкамі, цалуючы гэту