Памазаньне Давіда на царства. Узвышэньне Давіда.
Калі Гасподзь адкінуў Саула, Самуіл, па загаду
Божаму, пайшоў у горад Віфлеем і там памазаў на царства Давіда, сына некага Есея, з калена Юдавага. Дух
Божы зыйшоў на Давіда, а ад Саула адступіў.
Хутка здарыўся выпадак, які зрабіў ведамым імя
Давіда ўва ўсім царстве. У яўрэяў вялася вайна з філісьцімлянамі. Калі ворагі зьблізіліся адзін да аднаго,
дык з лягеру філісьцімлянаў паказаўся волат Голіаф,
узброены з ног да галавы. Ён выклікаў сабе супраціўніка на паядынак, кажучы: „Калі я перамагу — вы будзеце нашымі рабамі; калі пераможа ён, мы будзем вашымі рабамі“. Ніхто з яўрэяў не адважыўся выйсьці
супроць Голіафа.
У гэты самы час, па даручэньню свайго бацькі,
прыйшоў у лягер яўрэяў Давід. Чуець — Голіаф пяруновым голасам зьдзекуецца над трусьлівасьцяй і маладушнасьцяй яўрэяў. Закіпела абурэньнем гарачае сэрца
Давіда, пачуў ён у сабе нястрыманую адвагу. Узяў ён
у рукі свой посах пастухоўскі, выбраў пяць гладкіх каменьчыкаў, палажыў у сваю торбачку і пайшоў на Голіафа. Гасподзь памог Давіду і трапным ударам каменя з прасткі Давід папаў Голіафу проста ў лоб, аглушыў
яго, а пасьля, падскочыўшы да яго з шпаркасьцю ласіхі, яго-ж мечам адсёк яму галаву. Філісьцімляне пабеглі; яўрэі далёка гналі іх і шмат іх забілі.
Калі Саул і Давід вярталіся дамоў, жанчыны гарадоў выбягалі ім насустрэчу і пяялі: „Саул перамог тысячы, Давід дзесяткі тысячаў“. Гэта надта не спадабалася Саулу. Давід прымушаны быў на нейкі час выдаліцца з зямлі яўрэйскай.
Па сьмерці Саула, Давід урачыста быў памазаны на царства. Яго зацараваньне было спаткана ў народзе з вялікаю радасьцяй і надзеямі. Пры ім яўрэйскае царства дасягнула найвышэйшае ступені свае магутнасьці і славы. Граніцы царства яўрэйскага вельмі пашырылі-