Перайсці да зместу

Старонка:Перцаў Скарына.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і кнігах вечную славу і памяць сваю, нежелі во тленных царскіх сакровішчах». Але пашана да навукі спалучалася у Скарыны з наіўнай верай у поўную праўдзівасць усяго таго, што паведамлялася ў бібліі, з адсутнасцю ўсякіх крытычных адносін да яе.

Аднак ужо адно тое, што ён шукаў у бібліі ведаў і адносіўся з павагаю да ўсякіх ведаў, было прагрэсіўнай рысай для таго часу. Трэба пры гэтым адзначыць, што Скарына быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу і па адукацыі ён стаяу не ніжэй вучоных людзей Заходняй Еўропы. Ён ведаў грэкскую, лацінскую, яўрэйскую, чэшскую, польскую і стараславянскую мовы, быў знаёмы з класічнай літаратурай, са свецкімі аповесцямі (аб Троі, Александрыі), са славутым помнікам нямецкага права ХІІІ стагоддзя — «Саксонскім Зерцалам», не гаворачы ўжо аб тым, што яму добра была вядома ўся «біблейская мудрасць» у розных перакладах.

Значная адукацыя ў Скарыны спалучалася з вялікім гарачым патрыятызмам, са шчырым жаданнем служыць свайму народу. Любоў да радзімы была кіруючай сілай ва ўсёй яго дзейнасці. У прадмове да «Юдзіфі» ён пісаў: «Панежэ ад прыраждзення зверы, хадзяшчыя ў пустыні, знают ямы свая, пціцы, летаюшчыя па воздуху, ведают гнезда свая, рыбы, плаваюшчыя па мору і ў рэках чуюць віры свая, пчолы і тым падобная бароняць ульёў сваіх, також і людзі, і гдзе зрадзіўся і ўскормлены суць па бозе, к таму месту вялікую ласку імеюць».

Скарына хацеў, каб яго пераклады бібліі атрымалі самае шырокае і найбольш карыснае, як ён яго разумеў, распаўсюджанне і прытым у найбольш поўным выглядзе. Попыт на біблію надзвычай вялікі, але, па-першае, да Скарыны ў Заходняй Русі, да якой геаграфічна адносілася Беларусь, існавалі пераклады яе на мала зразумелай для беларускага насельніцтва стара-славянскай мове, па-другое, пераклады былі нешматлікія, і па-трэцяе, далёка не ўся біблія была перакладзена; асабліва было мала перакладаў кніг старага завета, асветнае значэнне якіх Скарына ставіў асабліва высока. Усе гэтыя недахопы Скарына хацеў выправіць сваёй перакладніцкай дзейнасцю. Маючы пад рукамі стараславянскі і чэшскі пераклады (1506 г.) біблейскіх кніг, ён імкнуўся наблізіць іх да народнай мовы, і ў тых выпадках, калі знаходзіў якое-небудзь слова або выраз незразумелым для сваіх беларускіх чытачоў, ён іх перакладаў адпаведнымі зразумелымі для простага насельніцтва словамі. Сам ён аб гэтым піша так: «Палажыл есмі на боцэх некаторы словы для людзей простых рускім языком, што каторае слова знаменуець». У выніку атрымаўся пераклад, які быў добра зразумелы для беларускага чытача.

Карыстаючыся друкарскім станком, Скарына мог садзейнічаць і большаму распаўсюджванню біблейскіх перакладаў. Выдаваемым кнігам ён стараўся надаць такі выгляд, каб імі больш зручна і прыемна было карыстацца. У Празе ён выдаваў свае пераклады, як ён сам адзначае, «малымі кніжкамі», г. зн. у чвэрць аркуша, а не ў аркуш, як тады было заведзена. У Вільне-ж, куды ён пераехаў у 1525 годзе, яго выданні мелі яшчэ меншы фармат — усяго ў ⅓ аркуша — 20 радкоў у старонцы і 33 літары ў радку замест 50-60 радкоў у старонцы і 50-60 літар на радок у сучасных яму кнігах. Адно з сваіх віленскіх выданняў (расшыраны псалтыр) ён назваў «Малой Падарожнай Кніжыцай». Гэтая назва ўказвае, на каго кніга была разлічана: падарожнікамі ў той час галоўным чынам былі купцы, г. зн. клас, з якім Скарына быў звязан з юнацтва і інтарэсы якога былі яму, відаць, блізкімі.

Знешні выгляд выданняў Скарыны быў выдатным. Гэта сведчыць аб жаданні Скарыны надаць кнігам па магчымасці такі выгляд, які прывабліваў-бы чытачоў. Яго кнігі пераўзыходзілі ўсе іншыя славянскія