гарадоў», накіраваная супроць папоў, супроць іх багацця і палітычнага становішча. Незалежна ад Захада пратэсты супроць папоўшчыны ўзнікалі і сярод беларускага насельніцтва. Яны падтрымліваліся гарадскім самакіраўніцтвам, у якім прымалі ўдзел блізкія да Скарыны па соцыяльнаму становішчу заможныя слаі горада.
Магдэбургскае права і цэхавая арганізацыя далі магчымасць сярэднім і вышэйшым слаям гарадскога грамадства прыняць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гарадоў.
У сувязі з гэтым гарадскія жыхары імкнуліся паставіць пад свой кантроль і царкву і духавенства ― спачатку незалежна ад іх прыналежнасці да той або іншай рэлігіі. Гараджане былі людзьмі рэлігійнымі і любілі праводзіць свой вольны час за чытаннем бібліі. Не праводзячы прамой барацьбы супроць духавенства, яны, аднак, хацелі, каб папы і епіскапы не трацілі грошай, збіраемых з насельніцтва і з падараваных ім маёнткаў, на распуснае жыццё і п'янства; яны патрабавалі, каб духавенства не прасмыкалася перад панамі і шляхтай і каб духоўныя асобы, як гэта (быццам) было ў старыну, выбіраліся і назначаліся гарадскімі ўладамі. Яны хацелі правяраць і рэвізаваць царкоўную маёмасць[1] «каб наклады царкоўныя (тут наклад-скарб царкоўны) без ведама не гінулі»..., «іно шкода немалая во цэркві бывала»[2]. Гэтыя патрабаванні былі накіраваны ў бок абмежавання правоў і прывілегій царквы, супроць яе так званай «порчы», супроць падпарадкаванасці царкоўных асоб феадалам, якія мелі над ёй права патраната. Яны былі блізкімі да тых патрабаванняў «дзяшовай царквы», якія зыходзілі ад умераных гарадскіх колаў у іншых частках Еўропы, хоць і узнікалі зусім незалежна адны ад другіх. Нападам пры гэтым, асабліва спачатку, да польска-каталіцкай агрэсіі, падвяргалася і праваслаўнае духавенства, сярод якога таксама было шырока развіта невуцтва, распуста і ўгодлівасць перад буйнейшымі феадаламі, што не падабалася гарадскому грамадству. Духавенства (спачатку і праваслаўнае) упорна змагалася з такім умяшаннем гараджан у царкоўныя справы, спасылаючыся на святых айцоў, у якіх «таго нет, абы мірскія людзі касаліся ка ўсялякаму царкоўнаму іспраўленню, або царквой валодалі». Але ў тых выпадках, калі духавенства было каталіцкім, барацьба супроць прывілегій царквы набывала больш востры характар і прыцягвала да сябе сімпатыі больш шырокіх народных мас. Асабліва вострыя формы гэтая барацьба атрымала з таго часу, калі ў другой палавіне XVІ стагоддзя ўзмацнілася польска-каталіцкая агрэсія, якая прынесла з сабой для народных мас не толькі рэлігійныя спрэчкі, але ўзмацненне соцыяльнага прыгнёту. Барацьба гараджан супроць правоў царквы з гэтага часу пачала праходзіць пад сцягам абароны праваслаўнай веры ад каталіцызма (і пазней уніяцтва). Абараняючы правы праваслаўных, да якіх належала асноўная маса гарадскога насельніцтва і амаль усё сялянства, гарадское мяшчанства абараняла гэтым самым інтарэсы народных мас.
Найбольш арганізаваным органам, з дапамогай якога гарадское мяшчанства вяло барацьбу супроць царкоўных прывілегій, асабліва прывілегій і засілля каталіцкай царквы, з'яўляліся так званыя брацтвы, г. зн. аб'яднанні мяшчан вакол прыходскай царквы або манастыра.
Стварэнне гэтых аб'яднанняў палягчалася і нават стымулявалася існаваннем гарадскога самакіравання (па Магдэбургскаму праву) і цэхавай будовай. Самыя назвы многіх брацтваў указваюць на іх сувязь з гарадскімі цэхавымі арганізацыямі; напрыклад, Віленскія брацтвы маюць назвы: кушнерскае, кажамяцкае, кавальскае. Вельмі часта было так, што за пратэстамі супроць духавенства, зыходзіўшымі ад крамні-