самым расшырыць царкоўную адукаванасць сярод магчыма большай колькасці людзей. Гэтае імкненне да шырокага распаўсюджвання кніг — хоць бы царкоўных, і перш за ўсё бібліі, мела вялікае грамадскае і культурнае значэнне. Афіцыяльная царква імкнулася аддаліць першакрыніцу рэлігіі — біблію ад грамадства і ад народа, бо апасалася таго, што азнаямленне з ёй можа прывесці да небяспечных вывадаў, а Скарына жадаў наблізіць яе да народа, да грамадства, і ў гэтым ужо заключалася яго немалая заслуга. Ён садзейнічаў таму, каб кніга магла чытацца «простымі людзьмі» і каб грамаце навучацца мелі магчымасць усе, хто таго пажадае. Па імкненню ўзняць адукаванасць і культуру ў сваёй айчыне і па скрытай у яго дзейнасці апазіцыі да манаполіі духавенства на адукацыю ён набліжаўся нават да гуманізма, калі разумець гэтае слова ў шырокім сэнсе любві да асветы і шырокага распаўсюджвання культуры — хоць бы спачатку і царкоўнай. Распаўсюджваючы біблію, надрукаваную на мове, зразумелай для насельніцтва паўночна-усходняй Расіі, ён пракладваў гэтым шлях да культурнага збліжэння паміж насельніцтвам Маскоўскай дзяржавы і насельніцтвам Беларусі. Ён садзейнічаў таксама фарміраванню беларускай літаратурнай мовы, і гэтым уносіў свой уклад у працэс фарміравання беларускай народнасці.
Але не трэба забываць і пра абмежаванасць тых задач, якія Скарына ставіў перад сабой, і пра абмежаванасць тых колаў, з якімі была звязана яго дзейнасць. Першакрыніцы аб яго жыцці і дзейнасці не дазваляюць зрабіць вывадаў наконт яго сувязей з дэмакратычным рухам таго часу — сялянскімі паўстаннямі або рухам гарадскога плебса. Адсутнічаюць указанні і на тое, што яго дзейнасць знаходзіла водгукі ў шырокіх народных масах і выклікала ў іх пратэсты супроць феадальнага ладу або царкоўнага цемрашальства. Яго дзейнасць была звязана, галоўным чынам, з вярхамі гарадского грамадства і часткова са шляхтай, і таго размаху, які быў уласцівы дэмакратычным рухам, яна не набыла.
Тым не менш дзейнасць Скарыны была глыбока прагрэсіўнай. Яна была прагрэсіўнай па скрытай у ёй барацьбе з манапалістычнымі дамаганнямі царквы на адукацыю, па самой магчымасці для таго часу атрымаць з бібліі карысныя веды, па любві Скарыны да свайго народа і сваёй мовы, па самой сутнасці друкарскай справы, якая была патрэбна і карысна для развіцця культуры наогул.
Нарадзіўся Скарына, як відаць, у 1490 годзе ў г. Полацку ў заможнай купецкай сям'і. Па свайму паходжанню ён быў, паводле яго ўласных слоў, «рускім», г. зн. беларусам, бо слова «рускі» ужывалася тады ў Беларусі толькі ў адносінах да беларусаў, у адрозненне ад палякаў і літоўцаў. «Рускую» мову ён называе сваёй «прыроджанай мовай»; свой беларускі патрыятызм, г. зн. любоў да беларускай радзімы, ён выводзіў «найболее з той прычыны, іжэ імя міласцівы бог з таго языка (рускага) на свет пусціў». Не можа быць сумнення, што ён быў і праваслаўным па веравызнанню, бо неаднаразова падкрэсліваў, што хацеў-бы працаваць для «сваёй братиі Русі» (г. зн. беларусаў), а беларусы (за вельмі малым выключэннем) былі праваслаўнымі. Да таго-ж тыя кнігі бібліі, на пераклады якіх ён звяртаў асаблівую увагу, — Псалтыр і Апостал, ужываліся толькі ў праваслаўным, а не ў каталіцкім богаслужэнні і былі найбольш любімымі пашыранымі сярод праваслаўнага насельніцтва.
Радзіма Скарыны — горад Полацк быў багатым горадам, які падтрымліваў гандлёвыя сувязі з заграніцай і з Масквой. У 1498 годзе Полацк атрымаў самакіраўніцтва па Магдэбургскаму праву, і яго вышэйшы слой, да якога належала і сямейства Скарыны, прымаў актыўны удзел у грамадскім жыцці горада. Гэта расшырыла кругазор полацкіх