Старонка:Перцаў Скарына.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выданні таго часу. Апрача таго, па сваіх друкарскіх якасцях яны стаялі вышэй і наступных славянскіх выданняў другой палавіны XVІ стагоддзя, усяго XVІІ і нават першай палавіны XVІІІ стагоддзяў, калі іх стараліся толькі пераймаць, хоць і не заўсёды з поспехам. Пры гэтым выданні Скарыны былі мастацка ўпрыгожаны застаўкамі і рысункамі пры вялікіх літарах і ў рамках.

Надзвычайнай асаблівасцю выданняў Скарыны, вельмі рэдкай для таго часу, былі гравюры, выкананыя на некаторыя біблейскія сюжэты. Гравюры мелі тую-ж самую мэту-давесці змест бібліі да разумення простых людзей, якую ён сабе заўсёды ставіў. Паведаміўшы ў прадмове аб тым, што да кнігі прыкладзена тая ці іншая гравюра, Скарына растлумачваў: «А то для таго, абы брація мая — Русь людзі паспалітыя — чтучы маглі лепей разумець» (кніга Царстваў, 119 б). Такім чынам, выдаваемая кніга па яго намерах павінна быць даходчывай да чытачоў, і гэтаму ён надаваў асабліва важнае значэнне.

Трэба адзначыць, што ў некаторых гравюрах Скарыны прыкметны адыход ад мёртвага іконапіснага стылю царкоўнага жывалісу і імкненне надаць біблейскім фігурам больш жывы і рэалістычны характар. Так, у гравюры «Майсей перад народам» слухачы Майсея паказаны ў выглядзе рамеснікаў XV-XVІ стагоддзя, а у гравюры «Дачка фараона і Майсей» сама егіпецкая царэўна і яе спадарожніцы вельмі падобны на багатых гараджанак таго часу. Тут Скарына быў на узроўні жывапіснай культуры рэнесанса і паказаў сябе чалавекам, здольным асвоіць усё лепшае, што давала тады гэтая культура. Гэта з'яўляецца таксама адным з падцверджанняў таго, што Скарына стаяў у радах найбольш адукаваных людзей свайго часу.

Сваімі друкаванымі выданнямі Скарына садзейнічаў збліжэнню беларускай культуры з культурай рускай, а значыцца, і беларускага народа з народам рускім. Яго выданні атрымалі шырокае распаўсюджанне далёка за межамі Беларусі і, перш за ўсё, у Маскоўскай дзяржаве, даючы ўзоры для пазнейшых друкароў. Прадмовы і пасляслоўі Скарыны перакладаліся ў паўночна-ўсходняй Русі ужо ў хуткім часе пасля выхаду іх у свет (напр. у поўным спісе Генадзеўскай бібліі XVІ стагоддзя). Ёсць падставы сцвярджаць, што усе друкаваныя выданні Скарыны былі вядомы ў Маскве у першай палавіне XVІ стагоддзя і аказвалі ўплыў на літаратурную мову і нават у некаторых адносінах на грамадскую думку паўночна-ўсходняй Русі, спрыяючы развіццю у ёй ведаў і імкненняў атрымаць зерні гэтых ведаў з бібліі. Таму мы маем поўнае права прыпісаць Скарыне заслугу у тым, што ён садзейнічаў збліжэнню Беларусі з Поўночна-Усходняй Расіяй, і бачыць у ім да некаторай ступені змагара за адзінства заходняга славянства, хоць ён сам гэтай сваёй заслугі яшчэ і не усведамляў, бо агульнаславянскія вынікі яго дзейнасці выявіліся толькі пасля яго смерці — з другой палавіны XVІ стагоддзя.

Увага Скарыны да практычных патрэб сучасных яму людзей выразілася ў тым, што ён імкнуўся выдаваць такія часткі бібліі, на якія ў той час быў найбольшы попыт.

Сваю выдавецкую дзейнасць у Празе ён пачаў з выдання перакладу Псалтыра. Псалтыр, як ужо ўказвалася, быў найбольш пашыранай сярод беларускага насельніцтва кнігай. Попыт на яе быў большы, чым на другія царкоўныя кнігі, і Скарына іменна гэты попыт і хацеў задаволіць. Псалтыр быў кнігай, неабходнай пры богаслужэнні, яе чыталі на вечарах у мяшчанскіх і шляхецкіх дамах, яе бралі з сабой нават у падарожжы. Ад яе чакалі збавення ад хвароб, яе чыталі над памершымі; асобныя яе часткі нават увайшлі ў прыказкі і народны фальклор.