рукамі заб‘еш другога… А то ўскіпіць ручаінаю нянавісьць, страшная злосьць, зашчэміць губу між зубамі, сьцісьне моцна пальцы рук…
Даўбешка, што калоў Саўка Чужахвал дома дровы, была пашчапаная, пабітая, ды яшчэ цяжкая й замашная; лапата, што ў вольны час хадзіў Яўхім па людзях капаць калодзежы ды канавы, была вострая, добра магла прыстаць да чаго хочаш. Гэта-ж ня было нічога іншага пад рукамі, як выбіраліся з дому…
Ад сырасьці й нэрвовасьці зусім хрыпеў голас Саўкі:
— Гэта-ж бабы нашы й ня ведалі, на што мы доўбню ды лапату валаком з сабою…
— Не канечне, каб і ведалі: от уцяклі ў лес, ды і ўсё тут…
І абодва адчувалі пад сабой зямлю — вясновую, родную. Ліпне яна к людзям ды плугоў чакае; жджэ шырынёю палёў сваіх. Ужо дыхнула яна апошняю зімоваю парай, гукнула прызывам сваім. Ды не хватае сіл адгукнуцца ёй, укрыць яе сілаю сваёю. Бо разышліся сілы па лясох, па далёкіх абшарах. А яны, Саўка з Яўхімам, нядужыя ўжо, ды ім малую сілу сваю не даюць прылажыць у свой час да зямлі… Ды яшчэ ходзяць па ёй, па гэтай зямлі, другія людзі, гордую ўладу сваю раскінулі над ёю і людзьмі яе.