Перайсці да зместу

Старонка:Па дарозе (1926).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ты пад сваю ўладу. Думкі ўнасілі ў веду, што падышоў час, калі адарвуць ад родных хат, могуць пагнаць чорт ведае куды, камандаваць жыцьцём, як жыцьцём чарвяка. Ды яшчэ крыўда расла й шырылася.

І голас у Саўкі стаў раптам рашучым:

— Будуць удвух ехаць яны назад хутка; давай, заляжам у кустох ды забіць папрабуем. Усё роўна на тое пашло. Эх ты!..

— Хоць раз за ўвесь век насьмешак… Яно верна… А што думаеш…

У вільгаці старога, цёмнага гумна вырашалася справа жыцьця. Бяздоньне сіл і жаданьняў бушавала ў людзях. Прачнулася й загаварыла бязьмерная нянавісьць пакрыўджаных людзей. Крычала яна ў пачуцьцях і думках, ды толькі не магла складна выліцца ў словах. Ня прывыклі людзі за жыцьцё гаварыць многа. Толькі песьня выяўляе часам пачуцьцё… Больш усё кідалі адрывіста няскладнымі словамі…

— Што-б тут узяць, чорт яго ведае?

— Ды што возьмем, тое й добра будзе.

— Абы вагу мела…

— Ну дык што-ж!..

— Хадзем хіба…

Ні Саўка Чужахвал за пяцьдзесят два гады жыцьця, ні Яўхім Вілач за сорак восем год жыцьця жабы без патрэбы забіць шкадавалі, а гэта-ж уночы на чалавека йсьці выдаліся.