— Гэта-ж памерла яна, жонка, без пары. Ад бядноты, ад жыцьцёвага гора захварэла й памерла. А сама, што жыць яшчэ ёй было…
Тут жыцьцё кончылася ад убогасьці, ад недастач, ад галодных і халодных дзён, а там ён з сытасьці, тоўсты, ня ведае, што рабіць. І яшчэ мае права запісваць мяне, над маім жыцьцём сілу ў лапах трымае… Вось гэта-ж крыўда у тым усё, што над тваім жыцьцём, над днямі тваімі сілу мае.
Насьця супакоілася ў поўнач, плюхалася Ў мыцельніку, мыючы гаршкі.
— Я яго забіў-бы, каб дзе сустрэў ды зручна было, — сказаў Саўка Насьці.
— А божа-ж мой, — зноў заплакала Насьця.
І ноч прашла ў неспакойным сьне… „Можа яно й забудзецца пасьля, але вострымі бываюць першыя хвіліны“, гэта думала Насьця скрозь дрымоту, як думаюць і адчуваюць перад важным здарэньнем або пры вялікай радасьці.
III
У Саўкі Чужахвала конь — проста плёвае дзела: лапавухі, востразады, худы, як дошка, пад касматай скурай рэбры тырцаць, як частакол. Дай яму сена — а ў яго пажаваць няма чым, сьцебані яго пугаю — а ён возьме ды ляжа там, дзе стаяў. За зіму надакучыла яму цёрціся шыяю аб цёмныя сьцены хлява, а тут