тым ня думалася, бо да гэтага ўжо прывыклася і гэта было звычайным. Думала яна, што Павал гэта, мусіць, зьмёрз уночы.
Была жанчына старая й мела яна толькі аднаго сына — Паўла. Апошнія свае гады часта насіла яна ў сабе нейкі востры настрой. Бо гэта яна многа перажыла была за жыцьцё цяжкасьцяй — бяды ды гора, а гэта зрабіла яе чулай вельмі.
І ў тую раніцу, палетнему весела-хмурную, брала яна пад паветкаю дровы ды ўбачыла, што каля самай сьцяны трохі варушыцца ад ветру куст крапівы, і тады прыпомнілася, што яе многа расьце на дарозе за аколіцай, дзе агароды пераходзяць у жытнія прасторы. А гэта было прывычнае, роднае, сярод чаго жылося, пакутвалася, ды адчувалася пасьля і лёгкасьць і веселасьць. І ужо тады ад гэтага ў жанчыны зьявілася нек да ўсяго шырокае пачуцьцё і падумалася:
„От Павал прыедзе ды касіць пойдзе на балота, а я буду каля дому хадзіць“. І затым, што было ўсё гэта зьвязана з тым дробным, што на кожным кроку абкружвае жыцьцё, затым і зьявіўся раптам у жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усімі аб усім і ўжо пачала яна з нецярплівасьцю чакаць Паўла.
„От нешта Павал сумны паехаў, хоцьбы падвесяліўся ён там як-небудзь“, — думала яна.
І хадзіла па дварэ вясёлая.