далі, дарога больш відаць стала. Ці то гэта, можа, месяц больш выбіўся з-за хмар — там на даляглядзе нек жоўта пачало рабіцца. Зямля была бясконцным прасторам, які зваў дыхаць вольнаю воляй.
Ці вёскі, ці лясы падняліся белавата-цёмным абрысам далёка і ўсе віднець пачалі.
Няйначай, гэта дзень пачынаўся.
Прыбег раптам вецер і адагнаў хмары за далёкія лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб разьвітацца з зямлёю. Абліў ён сьветам сваім, як плачам, дарогу, тры хурманкі й людзей на іх.
Наперадзе трос сытым задам конь Сашы Мальгуна, ззаду не адставалі два худзенькія конікі Паўла й Сёмкі. На пярэднім возе гойдалася ў бакі постаць дзяўчыны. Была яна маленькая ды тоўсьценькая, галава абкручаная белым тоўстым шалем, была як калясо на цёмнай шэрані начное прасторы… Месяц асьвяціў людзей на заднім возе. Быў вясёлы Саша Мяльгун, ухмыляўся ён шырока, таксама весела ўхмыляўся, але з нейкаю зайздрасьцю Сёмка Цераховіч. Тодар пабліскваў хітрымі вачыма з-пад пасівейшых броў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаіўшы на дробным, вострым і худым твары жаданьне дзе-небудь дзецца ад гэтых людзей.
II
На пярэднім возе Насьця паволі падганяла Сашавага каня, гукала часам на яго слаўным