дасьць жывёлы, бяз думак, без жаданьняў, тупая й нікчэмная.
І яшчэ, з вялікаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Саша Мяльгун зусім нават ня хоча нічога кепскага яму; калі нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасьці, хоць, можа, пасьля й пасьмяецца; што гэта ня можа ён адчуць таго, што зьдзекуецца разам з гэтымі вось людзьмі над ім; што ў такім ён сам захапленьні ад жыцьця, ад здарэньняў, ад самога сябе і не прыкмячае загэтым таго, што мучыць другога.
І ў гэтым была вялікая крыўда.
— Ну, я пайду, — зноў сказаў Павал.
— Куды ты сьпяшаеш? — схапіў яго за руку Сёмка: давай закурым.
— Я-ж ня куру.
— Загэтым, мусіць, цябе й бабы ня любяць, што ты ня курыш, — загаварыў Тодар: — бабы, брат, любяць. Ого-го-го! Каб ты курыў, каб быў, як дуб моцны і як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкі на руку.
— У Паўла якраз нічога гэтага няма, — усьміхнуўся Саша.
— Я-ж к гэтаму й гавару, — абазваўся Тодар.
Тады Павал саскочыў з возу і загаварыў ім тром
— Браткі мае! ну, я ведаю, што вы гэткія моцныя, а я — хворы, дык на што-ж вы гэта мне гаворыце?! Што я вінават, што я такі, а вы такія? На што вы мне душу разварочваеце?