Старонка:Паўловіч Дунін Марцінкевіч.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„СЯЛЯНКА“ В. ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧА НА МЕНСКАЙ СЦЭНЕ

(Гістарычная спраўка)

Альбэрт Паўловіч

„Сялянка“ — гэта двухактовая комэдыя-опэра: выдана яна была ў Вільні, у 1846 годзе (16°. 109); музыку да яе скомпанаваў Станіслаў Манюшка, выдатны беларускі композытар.

Гэтая опэра карысталася вялікім посьпехам і ставілася яна ў Менску, у Бабруйску і Слуцку; на провінцыі, як мне вядома, яна ставілася на кватэры ў нашага далёкага сваяка Валерага Паўловіча, у Глуску.

Валеры Паўловіч сам быў беларускі поэта[1] і быў блізка знаёмы з Дунін-Марцінкевічам.

Склад трупы В. Марцінкевіча быў звыш 20 чалавек, у тым ліку сам аўтар і дзьве яго дачкі.

Апрача аўтара, вельмі чынны ўдзел прымалі яго два таварышы: Авэр‘ян Васільеў і Ляўданскі. Вось на гэтых двух асобах я мушу спыніць увагу.

А. Васільева я пазнаў дзякуючы таму, што з ягоным сынам, Якавам, мне давялося служыць на Лібава-Роменскай чыгунцы.

Я. Васільеў нарадзіўся і памёр у Менску, быў шчырым беларусам. Нацыянальнае пачуцьце перайшло да яго ад яго бацькі, Авар‘яна. Шмат гадоў мы з ім служылі і таварышкавалі. Неяк раз зусім выпадкова пачалі паміж сабой гутарыць пабеларуску. Тутака выкрылася сама сабой наша прыхільнасьць да роднае мовы і мы пасьля таго ўжо так гутарыць не пакідалі.

На нас, праўда, зьвярталі ўвагу,—некаторыя казырыліся, некаторыя высьмейвалі і толькі лічаныя асобы: А. С. Шыманскі, браты А. і І. Каспэрскія, П. Малішэўскі і П. Астанковіч зусім шчыра нас

  1. В. Паўловіч быў вайсковы і ў 1860 г. жыў у Бабруйскім павеце (між іншым, у Глуску і Парычах). Аб ім часта мне ўспамінаў дзядзька Апалінары Паўловіч, які спатыкаўся з ім у Парычах і расказваў, што ён пісаў вершы і папольску, і пабеларуску ім вельмі быў зацікаўлены Ян Луцкевіч, які меў рукапісы яго, і мой бацька дакладна яму даў весткі аб радні, у каго-б Луцкевіч мог дастаць яшчэ што-колечы з рукапісаў (перапіска з Іванам Луцкевічам у мяне захавалася, у ёй-жа ён цікавіўся і аб афішы „Сялянка“).