|
Была восень… імжыстае раньне,
А на вуліцы сьцішна і зімна.
Ціха так, нібы вымерла вёска, —
Ня скрыпелі хаціны дзьвярмі…
Бачу я, што забіты дошкамі
Нават вокны шумлівай карчмы…
Ох, карчма!.. Успамін аб мінулым…
Плач… гарэлка… жыдоўка Рахіль…
Цёмны лес, мяне ты прытуліш,
Ты даеш мне і сьмеласьць і сілу!..
Але стой… Нібы здань ля плоту?..
То-ж Рахіль… Яна… Я спазнаў…
Яе твар шабляй вострай расколаты, —
То каханьня нявольнага знак.
Прытуліў… Зашчымела мне сэрца,
Ажно сонца з-за хмары паўзе…
Я цалую… Мне нават ня верыцца,
Што каханьне паўстанца ў лазе.
А жыцьцё — не стаіць, а круціць!
Эх, жыцьцё — ты шалёны вір!
Калі жыць у цяжкай пакуце,
То нашто шкадаваць галавы?!
Калі так-то гуляй у паўстаньні,
Хто раней і стагнаў і плакаў —
Мужыкі — раць чырвонага стану:
Што ім вораг i чорт і палякі!
|