Драўко. Узьлезьце, узьлезьце ды яшчэ бражчотку ў рукі вазьміце… Склікайце людзей на гвалт.
Кукса. А вы вазьміце веху ды махайце!
Драўко. Ня лезьце ў вочы, як тая асва!
Кукса. Дык мяне-ж не чапайце!
Драўко. Які чорт вас чапаў?
Кукса. Ось той, што гаворыць!
Драўко. Вы-б хоць лысіну пакрылі, блішчыць на сонцы, як бляха ў соцкага.
Кукса. Хуць-бы калтуны свае расчасалі, а то вераб‘і падумаюць, што кудзеля, ды на гняздо абсмыкаюць.
Васіль. (3 двара). Гаспадар! Нейкі чужы чалавек да нас ідзе.
Драўко. (Саскочыўшы з плоту). Ці-ж праўда? Дзякуй табе, Божа! Як-жа я гэта яго перагледзіў? (Пабег на свой двор).
ЗЬЯВА ТРЭЦЯЯ.
АНТОН І КУКСА.
Антон (выбег з двара). Гаспадар! Нейкі чалавек, ці хлопец заехаў на кватэру да Гіршы, скінуў сваю адзежу, надзеў нейкую старую, папытаўся, дзе наша хата, ды йдзе ўжо сюды,
Кукса. Ці праўда? Ты яго бачыў?
Антон. Няўжо-ж не! Сваімі вачыма бачыў. Іду я гэта з мястэчка цераз заездны дом, бачу што за дзіва? Некі чалавек распрануў добрую адзежу ды надзевае старую. Я давай цікаваць, — чую, пытае: „Дзе Куксава хата?“
Кукса. Дзякую-ж табе, што даў знаць, Антон. Палюбіў я цябе, Антось, даль-Бог, палюбіў! Пабудзь у мяне яшчэ гадоў са два, або са тры, — і грошэй заслужыш ня мала, а тымчасам, можа і тваё сэрца да дзяўчат паверне, то пасватаешся да маей Тацяны. Тымчасам і яна падрасьце, у людзі выйдзе.
Антон. Калі гэтак, то ўжо лепш Ганулю за мяне аддайце.
Кукса. Ганулю? Аддаў-бы-б і Ганулю, калі-ж… (Азірнуўшыся, па ціху). Гэта-ж гэты ў сваты да Ганулі прыехаў.
Антон. У сваты? Ну калі адно выдасьце за яго Ганулю, то скажыце будзь здароў і Антону, і млыну свайму, і гаспадардцы.
Кукса. Што? Як?
Антон. А так, што спалю!
Кукса. (у бок). От як! (да яго). Так ты гэтак бабаў цярпець ня можаш?!
Антон. Не цярпеў, не цярпеў, а ось раптоўна ізноў мяне да бабаў павернула.
Кукса. Павярнула? Бог з табою! Ты… Ты… А як-жа-ж ты мяне напалохаў! (Шпарка ідзе ў двор). От табе й даледзіў, абадвума вачыма гледзючы. (Пашлі.)