Перайсці да зместу

Старонка:Пашылісь у дурні (1928).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА ШОСТАЯ.

ЯНЫ-Ж і НІЧЫПАР.

Нічыпар (прыглядаецца). Куды-ж гэта я забраўся? Ці ня мара гэта мяне водзіць? Такі я бачу, што нешта ўсё мне дарогу забегае, нібы-то кот, або заяц… І куды тая дарога дзелася? (узіраецца). Няхай-бы пьяны напіўся, а то ўсяго дзьве чаркі з кумам Пятром, ледзьве стало сонейка заходзіць. Нейкая рэчка блізка, ці што?.. Дзядзькіна жонка казала мне некалі, што як заблуджуся, то перавярні скарэй сарочку каўняром назад. То зараз навядзе на дарогу.

Антон. Гэта нешта не з нашых.

Васіль. Нешта з чужога боку.

Нічыпар. Ня многа-ж і выпіў… Адно дзьве чаркі сербануў, глузды так забіла, што нічога не разьбяру. Ужо-ж мусіць і поўнач блізка, а я ўсё блукаюся. Ось нешта пакацілася куртатае, ды чорнае…

Антон з Васілём (запыняюць яму дарогу). А хто тут?

Нічыпар. Браткі, галубочкі, не чапайце мяне, да душы я ня злодзей!

Антон. Хто ты такі? прызнавайся зараз!

Нічыпар. А кто-ж яго ведае? — я сам цяпер ня ведаю, хто я?

Антон. А скуль-жа ты?

Нічыпар. Скуль я? Але-ж — скуль я — з Ясюкавіч.

Васіль. З якіх Ясюкавіч?

Нічыпар. З якіх Ясюкавіч? 3 нашых, з гэтых самых Ясюкавіч.

Антон. Гэта з тых, што каля Равуцкага?

Нічыпар. Ну, але, з тых.

Антон. Чаго-ж гэта цябе ажно сюды, за пятнаццаць вёрст, занясло?

Нічыпар. Бачыце? пятнаццаць вёрст! От, мара праклятая, куды занясла?

Васіль. Якая мара? Ды ці пры сваім ты розуме?

Нічыпар. Мара. Такое чорненькае, так перад табою і коціцца.

Антон. А ты ня звар‘яцеў часам.

Нічыпар. На гэта я пэўнасьці ня маю. Выпіў, бачыце, з кумам Пятром дзьве чаркі ды пашоў, ледзьве яшчэ сонейка стала заходзіць…

Антон з Васілём. Гэта мы ўжо чулі. А далей што?

Нічыпар. Hy — але. Значыць выпіў я дзьве чаркі з кумам Пятром… Ды быў яшчэ ў карчме той, што два гады таму… ось, як яго… Ну! што ў Сьцепана, Сёмкава зяця… хата яго каля самае грэблі…

Антон. Ды ці ня канакрад ты часам, што гэтак блутаеш?