азірнулася, і з такой-жа фальшывай сталасьцю, але ўжо са сьмехам у вачох, паківала на яго пальцам. І схавалася ў будку.
Ён некалькі хвілін стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуцьцях, пасьля пашоў назад і стаў на мосьце і глядзеў моўчкі на ваду. Пасьля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаіць тут і не адыходзіць; пачаткі гордасьці заварушыліся ў ім, і ён плюнуў уніз і пашоў кустамі на палявую дарогу.
— А ну яе к чорту, — сказаў ён моцна з патугаю, нясучы ў душы смутак.
І ахваціў гэты смутак думкамі, вышаўшы ў поле. Тады яскрава й выразна думаў, што гэта-ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такі востры смутак у яго.
V
У тую ноч Нонна доўга ня спала. Была ў яе журба і даходзіла да мяжы са смуткам ..
Тады сьвяціў над паплавамі месяц і ясна, і пуста, і страшна ціха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасьць зямлі, ня шумела трава і іншых ніякіх ня было зыкаў. І моцна пахла вясеньняю ноччу… Некалькі разоў з вечару пачыналі плакаць далёкія птушкі, а пасьля толькі раз адна крыкнула… Так і сьвяцілася ноч і ціха драмала…