Дзень быў сонечны й нейкі шырокі… Над старым дахам маўчалі пажаўцеўшыя клёны, і раніцаю з хаты доўга чуваць было, як за сьцяною плюхала вада пры студні.
„Мусіць туман сягоньня“, невядома чаму падумаў Андрэй і нават сказаў гэта моцна, сам ня ведаючы, што гэта трэба было яму сказаць, каб накіраваць у нейкі патрэбны бок думкі. Бо яму нешта рупела, нечага як-бы не хапала, і нават сон быў ноччу неспакойны. Пасьля таго, як прышоў ён вечарам дадому і палажыў сякеру ў сенцах, адчуў быў раптам нейкую пустату ў сабе, навяваўшую смутак і безнадзейнасьць запоўніць яе, а пасьля ён пахадзіў трохі па дварэ, нейкая як-бы думка пачала вырастаць у ім; што рабіць — ён ня ведаў яшчэ, але адчуваў, што назаўтра некуды пойдзе. Нэрвовасьць была цэлую ноч, і толькі моцна спаў ён пад самы дзень, пакуль не пабудзілі яго на работу. Ідучы ён паспакайнеў, многа сьмяяўся ў гаворцы, а як прышлі да рэчкі, зразу пачаў ён абчэсваць бервяно і з нейкай вастратою ў нявыразным чаканьні глядзеў на той бераг, дзе былі яшчэ росныя ад туману цыганскія будкі.
Там было зусім ціха і неяк пуста. Далёка на жоўтым зьбітым поплаве хадзілі коні, і каля лазовых кустоў над самай вадою стаяў цыган