з радасьцю: як разьвіднела, пачаў насіць вецер над зямлёю зыкі, ці то гэта сам моцна расказваў, ці то гэта некае выяўленьне жыцьця разьвяваў у прасторах…
Тады пабялеў і прамёрз у саду скошаны аер, і весяліліся ўжо вочы ня ім, а сухімі паленьнямі сіняватай хвоі каля сьцяны пад страхою. Нагадваў гэты сіняваты колер роўнасьць шуму зялёных калюшак, а зыкі таго дня змагаліся з гэтым уяўленьнем…
І ад гэтага трудна было ўстанавіцца ў парадак пачуцьцям, загэтым і дзень той быў, як некая мяжа між абсолютным спакоем душы і роспаччу, як розьніца між радаснай цішынёю і бяспрытульным холадам…
Ішоў сабе дзень па волі, у бязьмернай далячыні ад таго, як ён уяўляецца ўсяму, што можа ўяўляць. От ішоў сабе, як хадзіў каля платоў Буланы. Было ў ім тады роўнае адчуваньне жованага кагадзе сена, ветру, што коўзаўся па яго рэбрах…
Панюхаў Буланы сырыя дубцы, якімі ўвіты быў плот, пацерабіў трохі губамі іх сухое лісьце, уцягнуў быў у рот некалькі нава гэтых лістоў, паклычыў трохі дзяснамі, ды выкінуў назад. Пасьля стаў пад грушай, ды так і стаяў, шавелячы адным вухам і апусьціўшы ўніз галаву.