Многа бачылася сьвету, а колькі яшчэ бачыцца будзе. Можа зямлі й мала за жыцьцё было пройдзена, ды многа было пройдзена чалавечых душ. А чалавек — гэта-ж сьвет, адна істота — неабходны прастор, і разглядай яго, калі ўмееш.
Бо быў дзень спакойны, дык такі вечар…
І раптам за сьцяной, ужо за другою, ня там, дзе плакала сталярова жонка, упала ўсё, і зьявілася бяздоньне. Нешта пачало гаварыць аб нечым усяму сьвету і на першых хвілінах не ўявілася, аб чым гэта яно гаворыць. Яно раптам раскідала ўжо цьвёрда-сформованы парадак настрояў, і пачало іх зьбіраць нанава, ачышчаючы новыя глыбіні і ўзьнімаючы новыя жаданьні й імкненьні.
Мільганула на момант думка, што гэта за сьцяной грае сястра Болеслава Гельца, што кожны дзень з тоненькім портфэлем ходзіць некуды служыць. Завуць яе Антаніна; яна высокая, з белым тварам, заўсёды маўклівая й адзінокая. Жывуць яны ўтраіх — брат, яна й старая матка; жывуць з гэтага дому, дзе жыве ён — Віктар Зеніч, ды яшчэ з таго, што брат недзе служыць. Некалькі разоў на дзень, і вельмі доўга, кожны вечар Антаніна грае на піаніно нешта, чаму Віктар Зеніч назвы ня ведае й