Парфір Кіяцкі раптам усхваціўся і, ківаючыся ад выпітай гарэлкі, стаў пасярод пакою. Чаго яму хацелася тады — ня мог ён ясна вызначыць думкамі. Толькі адчуваў ён, што як-бы гэта дашоў ён да самага апошняга пункту нейкай цёмнай і бруднай дарогі. І што ў гэтым пункце нейк усё давіць яго. І яшчэ стала яму здавацца, што, каб пазбавіцца ад гэтага, ня трэба выбіраць сярэдзіну — або ўсё, або нічога. І лепш усяго — гэта або бяскрайная шырыня, або цясьней цеснаты. І тады яму зусім стала ясна, што гэта ўсё ў яго ад таго, што непатрэбны ён людзям на зямлі чалавек. А зямля — чалавечая, дык і месца на ёй няма.
— Цесна мне, — сказаў ён змоўкнуўшаму гарманістаму.
— Я табе заграю так, што табе зробіцца прасторна.
Парфір Кіяцкі адчуў, што ад гэтага яму будзе яшчэ цясьней, і ён, як-бы жадаючы што разарваць, выцягнуў з кішэні ўсе грошы і кінуў на стол.
— Рабі, каб было прасторна, — крыкнуў ён. Грошы схвацілі і мацней загулі.
— Няможна так крычаць, — упэўніваў усіх чалавек у белым запэцканым фартуху, — тут вам не карчма.