Перайсці да зместу

Старонка:Пачуцьці (1926).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да немагчымасьці парваных галіфэ і з гармоняю на рамні цераз плячо. Той ня ўпінаўся й сам вельмі ахвотна йшоў, а гэты з нейкаю роспаччу цягнуў яго за рукаў. Ніхто ўжо нічога гэтага не прымячаў і ўсякі займаўся ці гаворкамі, ці думкамі, ці проста нічым. Было густа накурана, было вельмі шумна, нек задумёна бяздумнасьцю.

Тоўсты прывалок гарманістага да стала.

— Для храбрасьці выпі! — падаў ён каманду.

Гарманісты выпіў дзьве чаркі зараз, панюхаў хлеб і застыў на месцы.

— В-валі! — скамандаваў тоўсты, садзячыся пасярод пакою на крэсла.

Гарманісты кінуў два моцныя праразьлівыя акорды й глянуў на ўсіх з запытаньнем у вачох.

— Братка, разварушы мне душу, — папрасіў раптам нейкі голас.

Гарманісты заграў нешта смутна-журботнае.

— Ня так. Ня гэта трэба, — моцна перабіў яго той самы голас. — Ты ня лі мне сьлёз у душу, а зрабі, каб яна сама ліла іх.

— Ага! — з упэўненасьцю сказаў гарманісты і грануў нечакана для ўсіх нейкі цыркавы галёп.

Чалавек паслухаў трохі, пасьля пахіліў галаву на стол і стаў нешта глыбока думаць, ці то можа бяз дум адчуваць. Нехта пачаў у тахт стукаць рукамі па стале…