віна мая ці яго? Мяне сюды тое прыгнала, чаго я не перамагу. А ён што?..“
— А ты што? — запытаў ён раптам таго чалавека.
— Хадзі сюды, — рашуча адказаў той.
Парфір Кіяцкі падышоў да стала.
— На пі, — падаў яму той чарку.
Парфір Кіяцкі выпіў, раптам сеў на скрыпячае крэсла і пачаў есьці.
— Пі больш, — загаварыў скоранька, трохі заікаючыся, чалавек, — пі, сягоньня я гул-ляю. Пасколькі ў мяне сягоньня, значыцца, такая спр-рава, то, як той казаў, душы мае сьвята.
Ён падняў палец угору і сьціх, нават як-бы задрамаў трохі так.
— Гавары, — з зацікаўленасьцю сказаў Парфір Кіяцкі.
— Значыцца, пасколькі ў мяне сын зьявіўся, можна сказаць, з прапажы вялікае. Прыехаў быў на два дні, бацьку ўспомніўшы. „На табе, кажа, грашанят трохі. Жыві сабе ціха, дажывай дні, а мае дарогі іншыя. Грошы, кажа, слаў і слаць буду“. Сягоньня раніцаю паехаў, а мне гэтыя грошы рупяць. Я куплю курыцу ды прадам ды дзьве капейкі на фунт хлеба зараблю сабе, а ты аддай мне сына майго. Я яго га-