музыкантаў некалькі новых бутэлек. Піўная загула іначай, спакайней і нейк усё шырэйшым пачало тут здавацца ці шырэй ахапляць усё.
Ад выпітай гарэлкі ў Парфіра Кіяцкага закружылася трохі галава і раптам зьявілася нейкае безнадзейнае жаданьне больш піць, каб можа хоць гэтым увайсьці ў людзей, хоць у тых, што былі тут. А тут якраз падышоў тоўсты чалавек, што нядаўна быў бачаным на вуліцы. Ён быў ужо падпіўшы й ад гэтага вясёлы. З-пад расшпіленага каўнера чырванела тоўстая шыя, а вочы стала й разам з тым гумарыстычна ўхмыляліся.
— То, значыцца, г-гр-р-ражданін мой тут, значыцца, аг-га! — сказаў ён, ткнуўшы Парфіра Кіяцкага пальцам у жывот. — Г-гэта той самы, што на вуліцы мне тлумачыў аб сабе, — зьвярнуўся ён да нейкіх змрочных асоб, якія сядзелі над півам і пустымі чаркамі і з нуднай вясёласьцю азіралі Парфіра Кіяцкага.
— Эй, тлумач! Таварыш тлумач, — гукнуў адзін з іх да Парфіра Кіяцкага, — хадзі растлумач нам што-небудзь баявое, значыцца.
Сказаўшы гэта, ён ікнуў, а Парфір Кіяцкі паглядзеў на расьцягнены ўхмылкай рот тоўстага чалавека й падумаў: „Чаго мне злаваць? Дзе