— Дарэмна вы так думаеце. У гэтым бачу я вашу памылку! — грозна крыкнуў яму Парфір Кіяцкі.
— Вы гэта аб чым? — ніжэй ужо й спакайней, нек трохі як-бы спалохаўшыся неспадзяваных слоў Парфіра Кіяцкага, сказаў тоўсты чалавек.
Парфір Кіяцкі раптам стаў, схваціў за плячо свайго выпадковага суседа, павярнуў да сябе, і ўзяўшы яго за гузік шэрае цёплае жакеткі, таксама грозна растлумачыў яму:
— Уся ваша бяда ў тым, што вы лічыце мяне ўдзельнікам усяе вашае агульнасьці. Я-ж лічу, што калі я непатрэбен, то й непатрэбен.
— Вы гэта аб чым? — зноў пытаю я вас. Я вас не разумею й чаго вам трэба ад мяне?
Парфір Кіяцкі заўважыў перад сабой шырокі й чырвоны твар з круглымі, няглыбокімі й вясёлымі вачмі, жаўтавата-цёмную бародку і тоўстыя, мокрыя губы. І яму раптам уявілася, што гэты чалавек ідзе некуды па нейкую асалоду. Вострыя думкі раптам зноў зашавяліліся ў яго галаве і першы раз стала тое, чаго ніколі ня было ў часы смутку: закружылася нек трохі галава; на хвіліну нашло нейкае разважаньне, а пасьля думкі паразганялі ўсюды ўсякія пачуцьці і пакінулі адно толькі жаданьне. Гэтае жаданьне абкружана было думкаю, што