„Музыка гэта тут для жывых, для самых сябе“, было далейшае адчуваньне, і ўжо была як-бы нейкая злосьць ад вось якой думкі:
„А ці стараліся даць музыку людзі гэтаму чалавеку пры жыцьці яго Можа ён на душы сваёй насіў нешта такое, што трэба было пабрацку расказаць усім, а ён маўчаў, хоць і ведаў, што ўсякі той, хто насьмяяўся-б над ім, сам у сабе гэтае самае носіць. Так можа й памёр ён „казённым“ для ўсіх, не сказаўшы нікому таго, што патрэбна было сказаць“.
І тут ужо прыпомнілася Мітрафану, што там дома ў хаце ляжыць хворы дзядзька. Як жыў ён здаровым гэты дзядзька, дык от жыў сабе — рабіў усё ў гаспадарцы, выпіваў часам для вясёласьці, ніколі ня быў жанатым, бо ня было дзе жонкі дзець, многа басякаваў у маладыя гады, пад старасьць паспакайнеў, больш сядзеў дома ўжо ды нешта як-бы думаў, а можа гэта нічога ня думаў, а так маўчаў, несьвядома прывыкшы да таго, што гаварылі з ім за ўсё жыцьцё толькі аб драбінах, аб дажджох, аб сякеры, якую нехта ўкраў, а ён не ўпільнаваў, аб сарочцы, якую ён раз быў скінуў з сябе й палажыў на лаву, і ад гэтага ня вельмі чыстаю стала лава…