выпадковае, бо і магілкі будзяць у чалавеку буры і бунты душы і нават часам мацней, як усё іншае, што існуе апрача іх.
Там адчынілі труну, і Мітрафан убачыў белы твар, малы й востралобы, над ім рэдкія сьветлыя валасы, зачэсаныя на бок. Выраз гэтага твару быў зусім асабісты, было ў ім нешта далёкае ад усяго таго, што рабілася тут вакол яго, і тады Мітрафану ўявілася: колькі-б ня гралі тут жывыя, колькі-б ні стараліся яны ў музыцы выявіць, адбіць усё гэтае — нічога ня будзе… Тое, што гралі музыканты, высока й шырока ўзьнімалася над зямлёй. Аўтар, які яго тварыў, стараўся выявіць у ім сум сьмерці, а яно, можа, нават абуджваючы ў кім гэты сум, гаварыла ўсё-ж аб жыцьці, адзначала, што чым глыбей сьлёзы, тым глыбейшае стаіць за імі шуканьне радасьці, што смутак можа гэты затым і ляжыць на дарозе жыцьця, каб сваёю цеменьню навучыць і сляпога бачыць і цаніць вялікія ясноты радасьці…
— Нешта іншае трэба тут, каб адбіць тое, што вось зрабілася з гэтым чалавекам, — несьвядома шавяльнулася ў пачуцьцях у Мітрафана, і ўжо пакінуў глядзець ён на людзкія твары, на няжывога ў труне, а пачаў толькі слухаць.