Быў гэта нядаўна ясны дзень, і з самага ранку яму не здаровілася. Ня мог ён малаціць і ўзяў сякеру ды пашоў поплавам на бераг рэчкі высеч алешнікавых прутоў. І адтуль не хацелася яму йсьці дадому. Можа гэта затым, што часта тут бываў заўсёды, сядзеў на гэтым самым беразе, апусьціўшы ногі ўніз. А цяпер толькі ўбачыў, што ў гэтым-жа можа быць месца й нават прычына для радасьці. Раптам стала ўсё любым і хацелася гаварыць з людзьмі… Сеў ён і цяпер на беразе, ахвачаны млявасьцю ад таго, што ўжо забірала хвароба. Так сядзеў і глядзеў на ваду. А яна ўсё цякла-цякла і нясла на сабе сухія лісьця, дубцы, некую каламутную пену ды ўсё гаварыла з берагамі аб ціхай вясеньняй волі.
І як каля паўдня пашоў адтуль Павал дадому, зусім цяжка ўжо было йсьці. Скураныя лапці здаваліся цяжкімі, балела галава. А вечарам зусім зьлёг. І ўсё думаў: няўжо гэта старасьць так рана прышла?
У наступныя дні было ў думках тое, як сядзеў на беразе ясным днём і думалася, што няма-ж гэта на сьвеце нічога лепшага за вясеньнія берагі, ясныя дні, гаворкі з людзьмі, і жаданай была, няпрыметнай раней, ціхая радасьць вясеньняй зямлі.