нейк уявіліся, як мізэрнасьць, а душа запатрабавала тады ўсяго, процілеглага ёй. Зыкі вырвалі ў адчуваньнях сьветласьць і хараство і яшчэ нейкі прастор, у якім патрэбен сьмех і нейкія іскры — можа гэта радасных пачуцьцяў ці лёгкіх настрояў. І тады ўжо ня думалася, а толькі жадалася. Уявілася, што ўсё-ж гэта ёсьць — і зыкі чутны, і агні гараць, і лёгкасьць адчуваецца і не хватае толькі распусьціцца ўва ўсім гэтым, але было адчуваньне, што й гэта надыдзе.
Але тады ўбачыў ён перад сабой жанчыну. Ішла яна лёгка, квола стукала нагамі па цьвёрдаму бруку і гульліва гойдала станам. І нек стала ясна тады яму, што гэта-ж і ёсьць увасобленьне таго, што кагадзе адчувалася, што гэта можа й ёсьць тое адзінае, што патрэбна было яму тады для нейкай гармоніі і ад чаго гусьціліся жаданьні.
Яна прашла трохі перад ім і раптам згінула недзе на раздарожжы вуліц. І як-бы гэта панясла яна з сабою ад яго быўшы настрой; парушыла тое, што кагадзе ўстанавілася: зьявілася раптам страшная ўпэўненасьць, што гэта і ўсё, што вакол — не яго, ня ў ім, а недзе за ім, і да яго мае ён дачыненьне няглыбокае, пустое. І ўся тая гармонія па-за ім. Ён няпрыметны. І ня ён гэта вырас быў істотаю сваёю