Першае выданьне гэтага падручніка называлася: „Практычная граматыка беларускае мовы, ч. ІІ-ая“ (Дзяржаўнае выдавецтва С. С. Р. Беларусі, Менск, 1922 году). Першая часьць „Практычнае граматыкі“ (выданьне другое, пераробленае. Менск, 1922 году) складалася з важнейшых правіл беларускага правапісу. Абедзьве часьці дзеля таго й называліся практычнымі граматыкамі, што мелі на ўвазе галоўным чынам правапіс, як і ўсе граматыкі старога школьнага тыпу.
Цяпер, калі правапіс выключаецца з граматыкі, як дысцыпліна не навуковая, а прыкладная, — няма, разумеецца, патрэбы ў такіх падручніках. Беларускі правапіс выдзелен мною ў асобны падручнік (бач „Беларуская мова. Правапіс“).
Гэты падручнік — „Беларуская мова. Пачатковая граматыка“ — перароблен з другое часьці „Практычнае граматыкі“. Першы разьдзел (з фонэтыкі) напісан нанава ў навуковыя асьвятленьні гукавых фактаў мовы. На вялікі жаль, другія разьдзелы застаўлены покі што так, як яны былі ў першым выданьні; толькі выкінуты практыкаваньні правапісальнага характару ды заменены або павыкіданы зусім некаторыя няўдалыя прыклады.
Пільная патрэба зараз-жа даць школьны падручнік беларускае мовы была прычынаю таго, што аўтар ня меў часу перарабіць яго нанава, як таго вымагае формальна-граматычная тэорыя. Гэта будзе зроблена пры новым выданьні, а цяпер я спадзяюся, што гэты падручнік і ў тэй форме, як яна ёсьць, будзе карысны для школ малодшае ступені. А датаго, трэба сказаць, што цяперашні масавы настаўнік слаба або зусім незнаём з пытаньнямі сучаснай рэформы граматыкі, і падручнік, пабудованы на новых асновах, быў-бы для яго мала практычным.
Менск, 19/ХI—23 г.
Другое выданьне гэтага падручніка выходзіць стэрэотыпам; выпраўлены толькі заўважаныя друкарскія абмылкі і зроблены папраўкі: 1) на стар. 34 у § 8 дано іншае паясьненьне дапаўненьню, а „Ўвага“ выкінута; 2) на стар. 82-й да скланеньня йменьнікаў жаноч. роду з асноваю на зычны даданы словы: коні, грошы, госьці (у родным склоне — коняй, грошай, гасьцей, як „касьцей“); 3) на стар. 142-й дано іншае аб‘ясьненьне дзеяслоўным прыметам і выкінута правіла 76-ое; 4) на стр. 144-й прыведзены формы дзеяслоўных прыслоўяў на а-я.