Слуцак, Старадуб, Магілеў; кожны чалавек мае сваё ўласнае імя й прозьвішча: Ян, Наста, Катарына, Адам, Юры, Ксяневіч); кожная рэчка — Нёман, Шчара, Дняпро, Сож, Сьвіслач і г. д.
ЗАДАЧКА37. Прыдумайце ды напішэце дзесяць уласных іменьняў назоўных і дзесяць агульных. Напішэце: 1) ваша імя, ойчаства, прозьвішча; 2) дзе вы радзіліся; 3) ваш адрас і 4) бліжэйшыя да вас сёлы, вёскі, засьценкі, мястэчкі, рэчкі, найменьні мясцовасьцяй.
ЗАДАЧКА38. Сьпісаць і падчыркнуць іменьні назоўныя ўласыя простай рыскай (———), а агульныя — пакручастай (~~~~~).
Першае гора сустрэла Цішку, як яму было толькі шэсьць гадкоў. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Кася заўсёды заступалася за яго ды часта бараніла дурасьлівага Цішку, калі яму пагражала кара. Любіў хлопчык сваю сястру, а цяпер вось яна пайшла ў чужую хату. Доўга Цішка маркоціўся па сястрыцы ды часта хадзіў да яе. Урэшце яму так цяжка стала без сястры, што й жыцьцё ня міла. «Вазьмі мяне, Кася, за сынка!» — кажа ён раз сваёй сястры. Кася засьмяялася ды пытаецца: «А мамы табе шкода ня будзе?» Бяда хлопчыку: маці шкода. Заплакаў Цішка, але такі паставіў на сваім: забраў свае цацкі, кашулькі, навет і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Параска не дала, ды пайшоў.
Прышоў да Касі. Селі вячэраць. Зноў яму маркотна стала. Захацелася паглядзець, як там, дома. І яны, мусіць, вячэраюць. Вышаў Цішка з хаты, падбег пад акно да сваіх, а ўсе за сталом сядзяць: з краю — бацька, каля яго — матка, а пры маці — Параска, і кот Рудзька на лаўцы сядзіць. А з Параскаю заўсёды Цішка сядзеў. Раптам яму зрабілася так шкода ўсіх, што ён кінуўся пад акном ды моцна заплакаў. Выбегла маці ды ўнесла яго ў хату. „Чаго ты, чаго ты, дурненькі?“ пыталася маці. „Калі я ўжо ня ваш, а мне там маркотна“, плакаў Цішка, а маці цалавала яго ды сьмяялася.