ЗАДАЧКА36. Перапісаць верш „Кабзар“ ды йменьні назоўныя падчыркнуць.
Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе, а цераз поле чалавек ідзе. Ой полем ідзе і штось ён нясе, і хлопец яго за руку вядзе. Ой праз поле хлопец старца за руку вядзе! Які гэта старац з хлопцам ідзе? То кабзар ідзе і кобзу нясе, а хлопец за руку к вёсцы вядзе. У вёску прышоў, на прызбу ён сеў і ціха людзям сьпяванку запеў. Ўкруг людзі стаяць, на старца глядзяць, бо да душы добрым людзям запеў. Галавою добрым людзям кіўне, грудку старую шырока надзьме, у струны утне, слова дабярэ і песьню старую сьвету пяе. (Каганец).
ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Імя агульнае і ўласнае. Любіў хлопчык Цішка сваю сястру Касю. Горад Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Дзядзька Пятрук — стары ўжо чалавек. Рака Нёман пачынаецца ў Меншчыне. Сьцісла жыў Янка Жыгала. Вітайце дзень Першага Мая!
Правіла20. Імя назоўнае, што азначае прадмет, можа быць або ўласнае або агульнае.
Імя ўласнае азначае толькі адзін які прадмет, каб адрозьніць яго ад другіх падобных прадметаў (Антон, Магдалена, Менск, Беларусь, Нёман).
Імя агульнае азначае кожны з аднакіх прадметаў (горад, край, чалавек, рэчка).
Імя ўласнае пішацца з вялікай літары. З вялікай літары пішуцца гэтак сама прозьвішчы людзей і найменьні мясцовасьцяй (Марцінкевіч, Даўнар, Меншчына, Кунасава).
Увага. Кожны з аднакіх прадметаў, што маюць агульнае найменьне, можа мець сваё ўласнае імя. Напрыклад, кожны горад мае сваё ўласнае імя: Пінск,