Перайсці да зместу

Старонка:Пачатковая граматыка (1925).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адны часьціны мовы зьмяняюцца (скланяюцца або спрагаюцца), а другія не зьмяняюцца.

Да зьменных часьцін мовы належаць: 1) імя назоўнае, 2) імя прыметнае, 3) імя лічэбнае, 4) займя, 5) дзеяслоў.

Да нязьменных часьцін мовы належаць: 1) прыслоўе, 2) прыймя, 3) злучнік і 4) выклічнік.

Каб перадаць нашую думку, мы злучаем словы (часьціны мовы) ў сказы. Кожнае слова ў сказе, да якога можна паставіць пытаньне, называецца часьцінаю сказу. Напрыклад: дзейнік, выказьнік, азначэньне, дапаўненьне, зваротак, пабочнае слова і інш. будуць часьціны сказу, тымчасам, як імя назоўнае, прыметнае, прыймя, дзеяслоў і інш. будуць часьціны мовы.

Імя назоўнае.

ЗАДАЧКА33. Сьпісаць у сшытак верш „Да моладзі“ ды назовы прадметаў падчыркнуць.

ДА МОЛАДЗІ.

Ты, моладзь, сьмела і магутна,
Ты волі лепшай будаўнікі
Далёка песьня твая чутна,
Бо стогн бязьмерна твой вялік.
Ты на ўспамогу йдзеш грамадам,
На зьмену тым барацьбітом,
Што век таміліся за кратай
І вольны сьвет здабылі нам.
Нібы прамень ты посьле ночы,
Надзея сьвету й цеплаты,
Дзіця сялянаў і рабочых,
Ідзеш да працы, моладзь, ты!

М. Кудзелька.