Адносна асобы гаворачай — апавядальныя, клічныя й пытальныя.
ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Станоўны й адмоўны сказ. Сонца грэе. Месяц ня грэе. Верабей — птушка. Я гэтага не казаў. Ён гэта казаў. Салавей сьпяваў. Салавей не сьпяваў. То ня зоркі ў небе блішчаць і міргаюць. То ня сьвецяць ўначы на траве сьветлякі. Ён і есьць і п‘е. Ён ні есьць, ні п‘е. Ты ніколі ня бываеш вясёлы.
Правіла13. Станоўным сказам называецца такі сказ, у якім выказьнік пацьвярджальны (Глядзіць прыветна з неба сонца).
Адмоўным называецца сказ, у якім выказьнік адмоўны. (Не сьпяваюць птушкі).
ЗАДАЧКА27. Выпісаць спачатку сказы станоўныя, а потым — адмоўныя.
Не шасьцяць каласы. Звон ня валіцца з касы. Не кладуцца ў стог пласты. Толькі сыплюцца лісты на яловыя кусты. Ня іскрыцца небазор. Ня цьвіце трава-чабор. Ня цыгліць птушыны стан. Толькі поўзае туман. Вецер б‘е ў нямы курган. Шапаціць імглісты бор. (Я. Куп.) Ня будзі ліха, калі ліха сьпіць. Ня ўсе птушкі лятаюць. Чорныя хмары па небе плывуць. Чорныя думы заснуць не даюць. Валіцца з хмараў то сьнег, то вада. Чорныя думы прыносіць бяда. Не для нас гэта сонейка майскае заглянула на небе высокім. Не для нас распускаецца гэты сад. (Я. Куп.) Ночка цёмная на сьвеце вечна не пануе. Зерня, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе. Ні да якай работы няма ахвоты. Ні ладу, ні складу. Шуміць маркотна вольха над рэчкаю бурлівай.
ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Кароткі й разьвіты сказ. Пусьцее поле. Моўкне птушка. Скідае жоўты ліст бяроза. Сонца грэе, прыпякае. Лёд на рэчцы затрашчаў. Папсавала гразь дарогу. Перавалы загулі. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Глядзіць прыветна з неба сонца. І перша жаваранка запела ціха аб вясьне. Змоўкла ўсё. Зьмерклася. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй.