гарады дзержыць. У лені баляць калені. Па́ра касьцей ня ломіць. Вожыкі робяць сабе гнёзды з лісьцяў. Кажаны ня робяць сабе гнёздаў на зіму. Чалавек прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу. Навет вольнае паветра служыць чалавеку. Чалавек бачыць вачыма, чуе вушамі, нюхае носам, языком пазнае смак, а пальцамі мацае. Перад адлётам у вырай птушкі пачынаюць трывожыцца. Сьляпому вочы завязаны. Салавей песьнямі ня сыт. Сіла й салому ломіць. Свая сіла кожнаму міла. Рука руку мые.
ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. АКАЛІЧНАСЬЦІ. Я змалку там штадня гуляў. Вясёла йшлі гулянкі нашы. (М. Багд.). Стаяў калісь тут бор стары. Мы доўга плылі ў бурным моры. Падарожныя ад утомы ледзь перастаўлялі ногі. На магіле адзінока каліна расьце.
Правіла9. Акалічнасьці дзеляцца на акалічнасьць месца, часу, спосабу дзеяньня, прычыны й мэты.
1) Акалічнасьць месца адказвае на пытаньні: дзе? куды? адкуль? скуль?. (Бяда ў бары яго спаткала. Вокны нашага пакою выходзілі на захад. З неба звалілася зорка).
2) Акалічнасьць часу адказвае на пытаньні: калі? як доўга? ад якога і да якога часу? (Увечар пайшоў дождж. Дождж ішоў цэлы дзень. Працуй зраньня аж да зьмяркання).
3) Акалічнасьць спосабу дзеяньня адказвае на пытаньні: як? якім спосабам нешта дзеецца? (Праляцела борзда лета. Пайшлі ў места пехатою).
4) Акалічнасьць прычыны адказвае на пытаньні: чаму? дзеля якой прычыны? (За работай сьвету ня бачыць. Хата загарэлася ад печы).
5) Акалічнасьць мэты адказвае на пытаньні: на што? дзеля якой мэты (Ен усё раздаў на бедных. Валы пайшлі піць воду).