Правіла95. Пабочным сказам называецца такі незалежны сказ, каторы ўстаўляецца ў сярэдзіну другога сказу бяз ніякай граматычнай з ім сувязі, каб паміж іншым, дарэчы, зрабіць якую небудзь увагу або паясьненьне. (Раз падвечар — гэта было ў нядзелю — ішоў Андрэй з вёскі. Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі).
|
ЗАДАЧКА 125. Знайсьці пабочныя сказы.
Дзіўнае, думаю, прозьвішча ў гэтага чалавека. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на іх (Яд. Ш.). Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курыцаю завёўся) дачку замуж аддаваць. А паміж каршуноў гэтак ужо вядзецца: каб гонару свайго не зьневажаць, толькі паміж сабою бяруцца. (Яд. Ш.). Навет агульны выгляд яго (дубка) твару (бо й дрэва мае свой облік) меў характар цікавай асобнасьці. (Т. Гуш.). Ён пакрашае скрозь (даволі ёсьць знароўкі!) свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі. (М. Багд.). Так мора (у Гданску я чуваў) прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалой. (М. Багд.). Як чутно, дык гэтак, мусі, у нас на цэлай Беларусі: кожны двор і кожна хата мае прыказак багата. (Ст. Ул.). Дзеткі, кажа, мае мілы: я ўжо блізак да магілы! А другое, знай — ці чуеш? — як арэш ці барануеш ды дамоў будзеш адходзіць, — абгарадзіць не пашкодзіць. А нарэшце — помні гэта! — ці то восень, вясна, лета, ці зіма, каб круглым годам табе яда была з мёдам. Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты! (Я. Кол.). Венцер новы — маеш час — залатай. (Я. Кол.).
ЗАДАЧКА 126. Сьпісаць і паставіць знакі прыпынку.
Напоўніць вада ўглыбленьне ў сушы і выйдзе возера або мора калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Ёсьць вада і пад зямлёю і калі яна сама прабіваецца наверх то завецца тады крыніцаю Будзіцца со сну наша зямліца расьце на кусьце лісточак і зелянее тады травіца аджыў жучок і матылёчак шэра зязюля зранку і ўвечар яра кукуе ў садзе павее ціхі і цёплы вецер пойдзе скацінка ў стадзе. (Ст. Ул.). Гнаў Сымонка рэшту стадка страх хлапчыну пашыбаў не даруе яму татка што авец не ўпільнаваў. (Я. Кол.). Ня дарма прыказка ў народзе