вымаўлены адным напорам воздуху: дж, ж, тпр, мак, страх, і т. далей. Калі ў слове ёсьць галосны гук (адзін ці некалькі), то пры вымове зычныя гукі як-бы прыліпаюць да галоснага ды вымаўляюцца зара́з з галосным. Вось чаму кожны галосны гук у слове, адзін ці разам з тымі зычнымі, што да яго прыстаюць, заўсёды творыць склад. Значыць, у слове будзе столькі складоў, колькі ў ім галосных гукаў: пе-ра-вяр-нуц-ца — 5 галосных і 5 складоў; склад можа быць і з аднаго толькі галоснага гуку: а-ле, а-рол.
Зычных у складзе можа быць некалькі (страш-ны) і можа ня быць ніводнага (а-бы).
Па ліку складоў словы бываюць аднаскладовыя (стол, конь, брат, я, ён), двухскладовыя (ха-та, ва-да, зель-ле, зер-ня, зям-ля, страш-ны), трохскладовыя (га-ла-ва, се-ля-нін) і шматскладовыя (ве-ра-ця-но, пе-ра-ро-біц-ца).
§8. Націск. Адзін склад у слове звычайна вымаўляецца мацней, галасьней за другія, з націскам: ва-да, ха-та, му-ка, по-ле, ча-ла-век. Такія склады ў слове называюцца націскнымі (пас-ту-шок), а павялічэньне голасу над складам называецца націскам: (ма-ла́н-ка). Тыя склады ў слове, на каторых няма націску, называюцца ненаціскнымі. З націскам мы вымаўляем толькі галосныя гукі. Пра такія галосныя гукі, што вымаўляюцца з націскам, кажуць, што яны стаяць пад націскам, або што на іх прыходзіцца націск.
Націск, калі трэба, азначаецца маленькай рыскай, якая ставіцца над галоснай літарай: галава́, вераце́нца, але́.
Націск часам зьмяняе значэньне слова: кара́-ка́ра, вада́-ва́да, пара́-па́ра, а бывае й так, што націск зьмяняецца, a значэньне слова не зьмяняецца: забілі ваўка — забілі воўка, на страсе — на стрэсе, садо́віна — садавіна, бра́тавая — брато́вая — братава̀я.