Перайсці да зместу

Старонка:Пачатковая граматыка (1925).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тлумачэньне. Дзеясловы: затапіла, разьбіла, будуюць, пакрыў, вымылі — паказваюць, што дзеяньне пераходзіць з дзейніка (дзейны, або галоўны, прадмет) на дапаўненьне (дапаўняльны, або ўтаразначны, прадмет).

Гэта дзеясловы дзейнага стану.

Пры дзеясловах дзейнага стану можа стаяць простае дапаўненьне на пытаньні: каго? што? Напрыклад: будаваць (што?) дом, злавіць (каго?) птушку. Дзеясловы дзейнага стану ніколі не канчаюцца на ся.

Дзеясловы: затоплены, разьбіта, будуецца, пакрыта, вымыта — паказваюць, што дзеяньне пераходзіць з дапаўненьня (дапаўняльнага прадмету) на дзейніка (дзейны прадмет).

Гэта дзеясловы залежнага стану.

Пры дзеясловах залежнага стану можа стаяць дапаўненьне на пытаньні: кім? чым? Напрыклад: будуецца (кім?) цесьлямі; сячэцца (чым?) тапаром.

ЗАДАЧКА 97. Паставіць пасьля дзеясловаў пытаньне для дапаўненьня, а над дзеясловамі — назоў стану (дз., з.).

За рэчкаю сякуць лес. Рыбакі ловяць рыбу. Сірата прытулена добрымі людзьмі. Рєчка пакрылася лёдам. Яблыны пасаджаны яшчэ маім дзедам. Злавілі жучку за белую ручку. Неба пакрываецца чорнымі хмарамі. Збожжа калышацца ветрам. Двор абгарадзілі высокім плотам. Зямля пакрылася маладзенькаю травіцай. Маладзенькая травіца пакрыла землю. Брат напісаў ліст. Пасеялі пшаніцу. Папсавала гразь дарогу. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Латае халацік на ўслоне матка. Жыта зьвезена даўно. Грэчка зжата. Сенажаць ужо скошана. Хмаркі захад чуць заслалі тонкім валаконцам. Густа жытца маладое поле ўсё пакрыла. Паставілі дзеці сіло. Хата накрыта гонтамі. Малако парылі ў гарнушку. Вуліца абсаджана бярэзьнікам. Поўнач пеўні пракрычалі. Нас запрасілі на чэсьць. Поле заворана. Аратаі зааралі сваё поле. Маці свайго сына цешыць, забаўляе. Цярпеньнем і працай горы пераносяць.