Імя лічэбнае.
ЗАДАЧКА 72. Сьпісаць ды падчыркнуць словы, што адказваюць на пытаньні: колькі, каторы?
Хлопчык лічыў гусяняты. Ён паказваў пальчыкам на кожнае гусяня ды казаў: „адзін, два, тры, пяць, восем, адзінаццаць, дваццаць, сорак“… Слухала гэта старэйшая сястра, а далей і кажа: „Нядобра лічыш: лічбаў ня ведаеш! Давайма лічыць разам! Лічы па парадку! Гэта — першае. А гэта каторае будзе?“ — „Другое.“ — „Гэта каторае?“ — „Трэцяе“. — „А гэта?“ — „Пятае.“ — „Не, ня пятае, а чацьвертае. Во гэта — пятае. А гэтае, збоку, каторае?“ — „Шостае“. — „Колькі-ж мы налічылі?“ — „Шэсьць“. — „Ну, давайма лічыць спачатку!“ — Хлопчык пачаў лічыць: „Першы, другі, тры, чатыры, пяты, сёмы, дзесяты, дваццаты“… „Зусім кепска лічыш: блутаеш лічбы!“ перабіла яго сястра. „Калі ты хочаш ведаць колькі гусянят, дык трэба лічыць гэтак: адзін, два, тры, чатыры, пяць і гэтак далей, а калі хочуць ведаць — каторае гусяня, то кажуць: першае, другое, трэцяе, чацьвертае, пятае, шостае… Вот як трэба лічыць!“
Правіла45. Слова, што азначае лік або парадак прадметаў пры лічэньні, называецца імем лічэбным.
Іменьні лічэбныя, што азначаюць колькасьць прадметаў, называюцца лічнымі; яны адказваюць на пытаньне колькі? (два, пяць, дзесяць, дваццаць). Іменьні лічэбныя, што азначаюць парадак прадметаў пры лічэньні, называюцца парадкавымі; яны адказваюць на пытаньне — каторы гэта прадмет? (пяты, шосты, дваццаты). Іменьні лічэбныя дзеляцца яшчэ на простыя (два, тры, шэсьць) і складныя (дванаццаць, дваццаць, пяцьдзесят). Паміж лічэбнікамі ёсьць іменьні лічэбныя зборныя (двое, трое, чацьвёра) і дробныя (чвэрць, паўтара—ы, паўтраця—і). |