Перайсці да зместу

Старонка:Пачатковая географія (1925).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з усходу на захад. Але паміж сабой зоркі не мяняюць палажэньня (апрача так званых плянэт). Так, фігура Вялікай Мядзьведзіцы не мяняецца. Раней так і думалі, як бачылі: сонца і ўсё неба, разам з зорамі, ходзіць, верціцца навакол зямлі. Але цяпер ужо ўпэўніліся, што сама зямля верціцца з захаду на ўсход так, як глёбус каля сваёй восі. Зразумела, што такой восі, як у глёбуса, у зямлі няма; вось зямлі — уяўная (у думцы). Калі возьмем паміж пальцамі мяч, ды павернем яго, ён будзе вярцецца каля такой уяўнай восі. Там, дзе ўяўная вось зямлі выходзіць на паверхню, будуць пункты, якія таксама (як і на глёбусе) завуцца канцавосьсямі. Каля канцавосьсяў земная куля крыху сплюшчана, так што яна — ня зусім правільная куля. (Палудзёньнік усё-ж крыху карацей за роўнік).

Дзень і ноч. Пры вярчэньні зямлі навакол сваёй восі, да сонца павернуты то адзін, то другі бок яе. Той бок, што павернуты да сонца, асьвятляецца ім, і на гэтым баку зямлі будзе дзень; процілежная палова зямлі будзе ў цені, і на ёй будзе ноч.

Гэта вярчэньне зямлі навакол восі адбываецца на працягу сутак і таму завецца сутачным вярчэньнем зямлі.

Чаму-ж мы не прымячаем гэтага вярчэньня? Каб зразумець гэта, успомніце, што нам здаецца, калі ехаць шпарка на возе ды глядзець на дарогу, або глядзець праз вакно вагона ў цягніку? Здаецца, што мы на месцы стаім, а дарога, дрэвы, дамы бягуць нам насустрэч. Тое самае, калі едзеш параходам або плывеш на чоўне.

Зямля шпарка верціцца з захаду на ўсход, а нам здаецца, што сонца і ўсё неба (з зорамі) ідуць нам насустрэч з усходу на захад.

Вярчэньне зямлі навакол сонца. Таксама даведаліся людзі і пра другое, што нашае сонца не такое, як нам здаецца (з блінец), але вялізарная вогненная куля, — такая вялізарная, што трэба было-б міліён такіх куляў, як нашая ўся зямля, каб скласьці сонца! Дый праўда, як-бы сонца магло сьвяціць на ўвесь сьвет (на ўсю зямлю) ды награваць зямлю, каб яно было маленькае? Параўнайце, як грэе печка (ці далёка), як сьвеціць самая моцная электрычная лямпа (ці далёка)?