Перайсці да зместу

Старонка:Пачатковая географія (1925).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Парогі прашлі. Во ўжо й Хэрсон; за ім канчатак Дняпра, яго вусьце, а за вусьцем — сіняе мора. Але мора гэтае завецца Чорным, бо яно часта бывае бурным, а ў буру хвалі яго робяцца чорнымі. А шырокае-ж, шырокае вусьце Дняпра! Колькі тут выспаў, гакаў, адрэччаў, вазяркоў! Берагі нізкія, паросшыя камышом, лазьняком, аірам… Але кінем вусьце, бо паветра тут ня вельмі здаровае, ды хутчэй да мора! Во і яно, Чорнае мора, перад намі!

Во куды прыносіць наш Дняпро сваю ваду, ды ня толькі сваю, але й сваіх прытокаў. Во куды заносіцца частка нашае зямелькі! Цікава паглядзець!

Як вокам кінуць — вада і вада. Але вада гэтая не стаіць, як у возеры, не маўчыць. Яна нейкая асобная, жывая. Нейкі асаблівы шум, як-бы гоман, нясецца ад мора ўжо здалёку. Гэта хвалі яго плюскацяць, набягаюць на бераг, цалуюць скалы ды каменьчыкі, гуляюць з імі.

Лажэцеся на беражку на пясочку, заплюшчыце вочы. Вам здаецца, што вы ў лесе на нашай роднай Беларусі. Так, праўда, дзеці, шум мора дужа падобен да шуму нашых ігластых бораў-пушчаў!

Хваля. Мора ніколі не супакойваецца. У ціхую пагоду ходзяць па ім хваля за хваляй. У часе буры або гурагану ўздымаюцца вялічэзныя вадзяныя ўзгоркі да трох і болей мэтраў вышыні. Пад ветрам хвалі наверсе маюць белую пену і завуцца тады „баранчыкамі“. Страшна тады глядзець на мора. (Мал. 53). Небясьпечна плысьці караблю, параходу або парусьніку. Але прыморскія дзеці ня пужаюцца гэтых хваль і сьмела кідаюцца ў іх, каб паплысьці навыперадкі.