воблакі гэтыя стаяць нярухома і зіхацяць на сонцы. Перад намі — горны сьцяг; гэта — вярхі, крытыя сьнегам, зіхацяць на блакітным небе. Вы думаеце, што мы пад‘ехалі да Каўказу ўзімку? Не, дзеці! Зараз гарачае лета, месяц ліпень, а на горах сьнег! І ён тамака ніколі ня сходзіць, бо тамака халоднае паветра (чаму?).
Гэты сьнег на горах, які ляжыць цэлы год, завецца вечным сьнегам. А тая мяжа, тая лінія, да якой спушчаецца вечны сьнег, завецца сьнегавой мяжой.
Яе выразна відаць, калі глядзець на горны сьцяг здалёку. (Мал. 48).
Але падыйдзем бліжэй да гор ды паспрабуем падняцца на іх па схілах. (Па якіх лягчэй?) Чаго мы толькі тут ня ўбачым!
Тут і вялізныя даліны, і цясьніны, па якіх бягуць шпаркія горныя рэчкі. (Ад чаго яны шпаркія?). Тут, спачатку па схілах ідуць лясы; вышэй — сочныя лугі, а яшчэ вышэй нас ахапляе прахалода; мы як-бы ўступаем у зімовае царства. Так. Мы ступілі нагой на сьнег.
Зерналёд. Паскрабём сьнег пад нагой — што ўбачым? Лёд, праўдзівы чысты лёд. Як ён тут утварыўся? Ён залягае толькі ў катлінах. Ён утварыўся з масы сьнегу, якая патайвала толькі зьверху ад сонца; кроплі вады праходзілі праз тоўшчу сьнегу, там зноў зьмярзаліся, рабілі як-бы зернавы сьнег, так званы зерналёд або фірн.
Ледавік. Гэты зерналёд аблежваўся з году ў год у катліне: на яго падаў новы сьнег, і так праходзілі годы і сотні, і тысячы год, і з сьнегу ды зерналёду ўтварыўся галубы, чысты горны лёд. Такі лёд, які залягае ў катліне або даліне, завецца ледавіком.
Ёсьць ледавікі ў 20 клм. даўжыні, у 3 клм. шырыні, у 100 і болей мэтраў грубіні. (Мал. 49).
Ціха, дзеці, асьцярожна ступайце па ледавіку, каб не каўзануцца ды не зваліцца ў правальле! Па сьнегавых горах, асабліва па ледавіку, трэба вандраваць цэлай компаніяй у 4-5 чалавек ды мець абуцьцё на цьвікох, ды востры кій, ды прывязвацца адзін да аднаго вяроўкай. Насельнікі горных мясцовасьцяй (каўказцы, швэйцарцы) даўно ўжо запрымецілі, што іхныя ледавікі як-бы плывуць з гор у нізіну, у даліны; праўда, ледавік цячэ павольна,