ракі?) на сотні вёрст. З гэтых балот некаторыя маюць сваю назву, напрыклад: Вялікія Галы, на поўдзень ад Прыпяці.
Запытаньні. Ці ёсьць каля вас балоты? Ці вялікія яны? Ці выбіраюць з іх торф? Ці ёсьць канавы на ix?
Мы навучыліся з вамі, дзеці, разглядаць хаты і панадворкі, рысаваць пляны, разумець тое, што бачылі, гуляючы за горадам і вёскай; навучыліся разьбірацца ў навакольнай мясцовасьці; сачылі за жыцьцём рэчкі; пабывалі на возеры, на балоце, бачылі торф. Цяпер глянем крыху вышэй наўкол сябе, у паветра.
Паветра ўсюды: у хаце і ў полі, у лесе і нагары. У лесе й на полі паветра чыстае, карыснае для здароўя; у хаце, у хлеве яно папсаванае дыханьнем людзей і жывёлы, дымам, гноем.
Ці бачым мы паветра? Не. Мы бачым толькі тыя рэчы, што ў паветры: воблакі, хмары, неба, але самога паветра ня бачым, бо яно ня мае колеру, яно, як кажуць, празорнае.
Паветра — лёгкая матэрыя, і таму мы яго не адчуваем наўкола сябе, пакуль яно ня рушыцца, стаіць ціха на адным месцы.
Вецер. Калі паветра заварушыцца, то будзе ўжо вецер.
Залежна ад таго, якая моц ветру, ён мае розныя назвы: вецярок, вецер, бура, гураган. Вецер мае вялікае значэньне ў жыцьці: ён наганяе хмары або прыносіць сухмені, залежна ад таго, з якіх старонак дзьме.
Вось чаму людзі цікавяцца кірункам ветру. Калі вецер дзьме з поўначы, ён завецца паўночным; дзьме з поўдня — паўднёвым і г. д.
Кірунак ветру азначаюць пры дапамозе прылады, якая завецца бандзерай.
Бандзера. Бандзера падобна да коніка (або пеўніка), што ставяць на хаты: уверсе бандзеры — дошчачка ca стрэлкай, каторыя круцяцца ад ветру; пад дошчачкай замацаваны крыж-на-крыж кіёчкі з літарамі: N, S, O, W (што азначаюць гэтыя літары?): над якой літарай спы-