VII. Аўстралійскі абшар. Займае ўсю Аўстралію і бліжэйшыя востравы. Хаця гэты абшар і ляжыць ля Індыйскага абшару, але нідзе з ім не зьяднаны, і з прычыны гэтага жывёл аднолькавых або падобных да Індыйскага абшару тутака дужа мала. Тут свае жывёлы, якія калісьці (шмат тысячалецьцяў таму назад), жылі і ў Азіі і ў Афрыцы, але з тых часоў павыміралі, замяніліся іншымі відамі й гатункамі. Тутака, у Аўстраліі, гэтыя віды старасьвецкіх жывёл захаваліся аж да нашых часоў. Напрыклад, у гэтым абшары жывуць птушка-зьверы, гэта значыць такія зьвяры, якія, падобна птахам, нясуць яйкі і маюць птушыны дзюб, але крыльляў і наогул пер‘я ня маюць, а пакрыты шорсткай, як зьвяры (эхідна і качкадзюб. Жывуць тут і так званыя „торбачнікі“, у якіх на жываце ёсьць скураная торбачка, дзе яны вынашваюць два-тры месяцы сваіх дзіцянят. Торбачнікі ў Аўстраліі замяняюць і драпежных (торбачны воўк), і грызуноў (кангур, торбачная белка), і малпаў (опосум). З птах тут насяляюць лясы: свае папугі (какаду), райскія птахі, птахі-ліры, чорны лебедзь, падобны да страуса — эму ды шмат іншых. Сустракаюцца атрутныя зьмеі (мал. 92).
Запытаньні й задачы. Па карце (мал. 93) разгледзь усе абшары жывёл ды ўспомні галоўных жывёл па кожным абшары.
У якім абшары водзіцца морж? пясец? воўк? вярблюд? белы мядзьведзь? ліс? чорны мядзьведзь? бізон? зубр? леў? пума? носарог? слон? жырафа? ягуар? панцырнік? кайман? тапір? бэгэмот? кангур? качкадзюб? страус? эму? колібры? птаха-ліра, чорны лебедзь? орангутанг, гарыла? павіян? равун? Чаму ў нас не карыстаюцца з слана? 3 вярблюда? Чаму ў тундры ня трымаюць коняй? Чаму ў сярэдняй Азіі асвоілі яка, а ў Амэрыцы ламу? Як чалавек уплывае на жывёльныя абшары? Ці не перамешвае ён жывёл аднаго абшару з другім? Ці заўсёды гэта можна зрабіць? чаму? Якія жывёлы пераходзяць разам з чалавекам з аднаго абшару ў другі? Якая жывёліна болей за ўсё зручылася з чалавекам?
Зрабеце для школьнага музэю колекцыі жывёл (можна выразаць з малюнкаў) ды раскладзеце іх на 7 абшарах. На мал. 86 знайдзі тых, што водзяцца на Беларусі.