падзяліць на абшары. У кожным такім абшары будуць свае асобныя жывёлы, хоць будуць і некаторыя супольныя. Вось на якія абшары падзяляюць зямлю з боку жывёльнага сьвету.
I. Падканцавосны абшар. Большасьць жывёл, якія жывуць за падканцавоснымі коламі, у халодным кліматычным пасе (каля Лёдавага мора і ў самым гэтым моры), маюць пад скурай грубы пласт сала. Гэтае сала бароніць іх ад сьцюжы, бо ім часьцей за ўсё прыходзіцца жыць у халоднай вадзе. Тутака жывуць у моры або па берагох: морж, тулень, кіт (грэнляндзкі), белы мядзьведзь; з птушак — гага, чысьцік; з рыб — траска (з якой здабываюць так званы „рыбны тлушч“). У тундры прыстасаваліся паўночны алень (здаўна прыручаны чалавекам), пясец (або падканцавосны ліс), стрыкатка (пяструшка), заяц-бяляк; з птушак — сава ды сьнегавая пардва (курапатка).
Большая частка пералічаных жывёл мае белы колер скуры (навошта?). (Мал. 86: 3, 4, 8; мал. 87: 2, 3, 5; мал. 89: 1, 2, 3, 4).
ІІ. Эўропэйска-Азійскі абшар. Гэта вялікі абшар, які займае ўсе старонкі з мерным кліматам у Эўропе і Азіі, апрача трох эўропэйскіх паўднёвых паўвостраваў.
Тут расьліннасьць рознастайная; ёсьць лясы й стэпы, і жывёл таксама шмат розных гатункаў. Па лясох у гэтым абшары сустракаюцца так званыя пушныя зьвяры (з цёплай скурай). Тутака жывуць мясажэры — воўк, ліс, мядзьведзь (буры), куніца, саболь, тхарок; грызуны — белка, бабёр, заяц-русак; з капытных жывёл — алені (сарна, лось), дзікі (кабаны), зубры (у нас на Беларусі ды на Каўказе); з птах — цецярукі, глушцы, рабцы, пугачы (філіны). Па стэпах гэтага абшару жывуць галоўным чынам грызуны (як сусьлік, сурок, тушканчык) ды капытныя (антылёпы, аслы, коні, вярблюды). Некаторых з гэтых жывёл чалавек так сама даўно ўжо асвоіў, і яны рэдка сустракаюцца ў дзікім стане. (Дамовымі зрабіліся коні, аслы, вярблюды, хоць па стэпах Азіі ды Афрыкі яшчэ пасьвяцца й гэтыя жывёлы на волі). З птушак у стэпу жывуць буйныя дрофы. У пустынях гэтага абшару жывуць тыя самыя жывёлы, што і ў стэпе, толькі ў значна меншай колькасьці; апрача таго, у пустыні жывуць яшчаркі, розныя